viasna on patreon

Расеец, які жыве ў Беларусі 26 гадоў, аспрэчвае праз суд рашэнне аб высылцы

2019 2019-06-12T11:31:33+0300 2019-06-12T12:19:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/trauter_sudalenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Леанід Судаленка і Уладзімір Траўтэр. Фота "БелаПАН"

Праваабаронца Леанід Судаленка і Уладзімір Траўтэр. Фота "БелаПАН"

У судзе Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці адбылося папярэдняе пасяджэнне па грамадзянскай справе 38-гадовага Уладзіміра Траўтэра, піша "Гомельская Вясна".

Ён грамадзянін Расіі, але ўжо 26 гадоў жыве ў Беларусі, у вёсцы Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. Траўтэр жанаты, мае непаўналетняга сына, пастаянную працу, вялікую гаспадарку.

Аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі Буда-Кашалёўскага РАУС прыняло рашэнне аб высылцы грамадзяніна Расіі з Беларусі з забаронай уезду на пяць гадоў з-за здзяйснення ім адміністрацыйнага правапарушэння. У лютым 2019 года Траўтэр трапіўся супрацоўнікам ДАІ за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Яшчэ адно правапарушэнне, якое яму стаівлася ў віну, - размова па мабільным тэлефоне падчас руху.

"Я быў пакараны. Мяне пазбавілі правоў на тры гады, я адразу ж выплаціў вялікі штраф. Я раскайваюся і прашу, каб мяне пакінулі з сям'ёй у Беларусі", - заявіў вясковец БелаПАН. "Мне няма куды ехаць! Я з 1993 года жыву ў Беларусі. Тут у мяне сям'я, праца, крэдыты, старыя хворыя бацькі. У мяне няма нікога і нічога ў Расіі", - падкрэсліў жыхар Буда-Кашалёўскага раёна.

За яго ўступілі кіраўніцтва КСУП "Губічы", дзе Траўтэр працуе жывёлаводам. Хадайніцтва аб тым, каб расіяніна пакінулі ў Беларусі, падпісалі 67 жыхароў вёскі Губічы. 11 чэрвеня на суд падтрымаць Траўтэра прыйшлі яго сваякі, аднавяскоўцы, калегі і сябры. Мужчына просіць суд адмяніць рашэнне міліцыі аб яго высылцы. Юрыдычную дапамогу яму аказвае юрыст ПЦ "Вясна" і прафсаюза РЭП Леанід Судаленка. Ён жа прадстаўляе інтарэсы Траўтэра ў судзе.

Скаргу на рашэнне РАУС разглядае суддзя Святлана Лупічэнка. Інтарэсы РАУС прадстаўляе супрацоўніца аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Вікторыя Васіленка. На пасяджэнні Траўтэр яшчэ раз паўтарыў, што яму няма куды ехаць у Расію - у Беларусі ў яго сям'я, сястра, хворая маці, праца, дом і крэдыты.

Прадстаўніца РАУС не прызнала скаргу абгрунтаванай. Васіленка лічыць, што замежныя грамадзяне павінны "няўхільна выконваць заканадаўства", а выпадак з кіраваннем аўтамабілем у нецвярозым стане яна назвала "абуральным". Яна паказала, што дадзенае правапарушэнне было наўмысным, а Траўтэр і раней парушаў закон - да прыкладу, ездзіў на возе без катафотаў, выкінуў смецце ў неналежным месцы.

Прававы інспектар Леанід Судаленка нагадаў, што Канстытуцыя ўраўноўвае ў правах і абавязках як грамадзян Беларусі, так і замежнікаў, якія маюць від на жыхарства. Але закон аб прававым становішчы замежных грамадзян, якія пражываюць у Беларусі, дапускае высылку нават за адно правапарушэнне, такое, як кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане.

"Але гэта правапарушэнне не пацягнула цяжкіх наступстваў. Чалавек раскаяўся, прызнае сваю віну - дайце яму шанец выправіцца. Калі закон перашкаджае жыць людзям - трэба мяняць закон, а не даводзіць людзей да такога стану, калі яны не спраўляюцца самастойна з гэтай праблемай", - пракаментаваў Судаленка.

Ён нагадаў, што з пачатку года ў Гомельскай вобласці трое грамадзян Расіі здзейснілі самагубства з-за высылкі за правапарушэнні. Адзін з іх жыў у Буда-Кашалёўскім раёне, меў тут сям'ю, сіротамі засталіся 6 дзяцей. У перадсмяротнай запісцы ён назваў прычынай самагубства высылку.

"Хто выйграе ад высылкі Траутера? Калі міліцэйскае начальства кажа, што такім чынам яно наводзіць парадак - гэта яны наводзяць беспарадак і сеюць нянавісць у грамадзянскай супольнасці да міліцыі", - заўважыў праваабаронца.

Наступнае пасяджэнне адбудзецца 21 чэрвеня.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства