viasna on patreon

Палітвязень Міхаіл Жамчужны: Крывавяць дзясны, выпадаюць здаровыя зубы

2019 2019-08-08T08:54:25+0300 2019-08-09T13:25:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhamchuzny_sud-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны ў судзе.

Міхаіл Жамчужны ў судзе.

Пасля таго як палітвязень Міхаіл Жамчужны 70 сутак правёў у ШІЗА, адміністрацыя папраўчай калоніі №9, дзе ён адбывае пакаранне, перавяла яго на адзін месяц у памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

“Я часу ў ШІЗА дарма не губляў, бо ня трэба было змагацца з холадам. Завяршыў працу над манаграфіяй па тэме імпульснай плазмы і ў галіне новых мэтадаў палёту апаратаў цяжэйшых за паветра з гнуткім крылом. Гэта новыя і прарыўныя дасягненні высокага ўзроўню”, – паведамляе ў лісце віцебскім праваабаронцам Жамчужны.

Як паведамляе “Віцебская Вясна”, за час знаходжання ў ізалятары Жамчужны страціў усякую сувязь са знешнім светам.

“Знаходзячыся ў ізаляцыі больш за два месяцы, я не атрымаў ніводнага ліста ці газеты, перажыў поўны інфармацыйны вакуум”, – піша пра свае нягоды палітвязень.

Цяпер спадзяецца, што за месяц у ПКТ папоўніць страчанае і вернецца ў інфармацыйнае поле.

У сваім лісце Міхаіл Жамчужны паведамляе таксама пра праблемы са здароўем.

За два апошнія гады ён падаў 9 заяў на набыццё вітамінаў. Ніводная з іх не была разгледжаная ні начальнікам медчасткі, ні тэрапеўтам, ні начальнікамі атраду і калоніі. Скаргі, накіраваныя ва ўпраўленне аховы здароўя Магілёўскай вобласці, у абласныя і рэспубліканскія органы выканання пакарання, таксама вынікаў ня далі.

З-за недахопу вітамінаў у палітвязня пачалі крывавіць дзясны, расхістваюцца і выпадаюць цалкам здаровыя зубы. Лечаць гэтыя праблемы сымптаматычна – антыбіётыкамі і болесуцішальнымі сродкамі.

Падобныя ўмовы ўтрымання палітвязня Жамчужнага не адпавядаюць “Мінімальным стандартным правілам абыходжання са зняволенымі”, прынятымі ААН,  лічыць віцебскі праваабаронца Леанід Свецік.

“Так, у ч.3 п.22 Правілаў гаворыцца пра тое, што кожны зняволены павінен мець магчымасць звяртацца да паслуг кваліфікаванага дантыста”, – каментуе сітуацыю праваабаронца. – Яшчэ адна праблема – недастатковая колькасць кальцыю ў арганізме. Гэта можа справакаваць хваробы касцей і лімфаў”.

Нягледзячы на ўсё, палітвязень стараецца ня ўпасці духам, выжыць у такіх экстрэмальных умовах.

“Увогуле, настрой баявы, жыццярадасны”, – запэўнівае палітвязень.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства