Праваабаронцы просяць Беларусь не выдаваць Таджыкістану журналіста і актывіста Адзінаева
Праваабарончыя арганізацыі звярнуліся да беларускіх уладаў з просьбай не выдаваць Таджыкістану журналіста і грамадскага актывіста Фархода Адзінаева, паведамляе reform.by.
Пад зваротам падпісаліся Amnesty International, Асацыяцыя мігрантаў Цэнтральнай Азіі, Асацыяцыя «Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі», Freedom House, Human Rights Watch, Нарвежскі Хельсінкскі камітэт, Freedom Now, Human Constanta, Праваабарончы цэнтр «Вясна» і «Рэпарцёры без межаў».
Фарход Адзінаеў быў затрыманы 25 верасня ў пункце пропуску "Каменны лог" на беларуска-літоўскай мяжы. У сябе на радзіме журналіст абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Таджыкістана, у тым ліку ў сяброўстве ў забароненай арганізацыі. Крымінальная справа была ўзбуджаная ў кастрычніку мінулага года.
Праваабарончая арганізацыя «Human Constanta» паведаміла Радыё Свабода (Радыё Озоди), што Таджыкістан запытаў беларускія ўлады арыштаваць і экстрадаваць Адзінаева ў Таджыкістан. Па законе на працягу 40 дзён генеральная пракуратура Беларусі будзе разглядаць запыт на выдачу Адзінаева Таджыкістану.
Фарход Адзінаеў мае таджыкскае і расійскае грамадзянства. У апошні час, як сцвярджаюць паплечнікі, ён пражываў у Падмаскоўі і не займаўся актыўнай палітычнай дзейнасцю. Адзінаеў ў 2013 годзе ствараў у Маскве ТБ «Сафо». Яно праіснавала са жніўня па лістапад і было закрытае з-за ціску таджыкскіх уладаў.
Праваабаронцы просяць не дапусціць выдачы журналіста Таджыкістану, дзе яму, на іх думку, пагражаюць катаванні і жорсткае абыходжанне.
«Пайшоў прэч!», ці Што такое высылка, дэпартацыя, экстрадыцыя?
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96