Генадзь Фядыніч: 22 лістапада наша справа будзе разгледжана ў Жэневе
Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў сайту palitviazni.info пра розныя падыходы пры адбыцці пакарання на “дамашняй хіміі”, а таксама пра будучае пасяджэнне Міжнароднай арганізацыі працы, на якім будзе разгледжана ў тым ліку і крымінальная справа прафсаюза РЭП.
“Упершыню мяне адпусцілі ў камандзіроўку, а вось на лецішча з’ездзіць не дазваляюць”, – кажа Генадзь Фядыніч.
Нагадаем, што лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік былі прызнаны вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).
Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу. Праваабаронцы назвалі гэтую справу палітычна матываванай.
У дачыненні да Ігара Комліка абмежаванні пачалі дзейнічаць з 19 снежня мінулага году, да Генадзя Фядыніча – з 4 студзеня гэтага году.
“Не так даўно ўпершыню на цэлы дзень мяне адпусцілі ў камандзіроўку ў іншы горад, але ўсё было афіцыйна аформлена, таму проста так мне, напэўна не маглі забараніць выконваць службовыя абавязкі, – кажа Генадзь Фядыніч. – Дома ж правяраюць прыкладна раз у месяц, хаця, калі адбываюцца нейкія акцыі ці падзеі ў Цэнтральным раёне Мінска, дзе я жыву, то гасцей можна чакаць і часцей”.
Са слоў Генадзя Фядыніча, у крымінальна-выканаўчай інспекцыі Цэнтральнага РУУС, якая кантраляе яго, зусім іншае стаўленне да “хімікаў”, чым у Фрунзенскім раёне сталіцы, дзе жыве Ігар Комлік.
“Ігара, напрыклад, два разы на месяц адпускаюць на лецішча, а для мяне гэтая тэма – табу, – адзначае прафсаюзны лідар. – У крымінальна-выканаўчай інспекцыі Фрунзенскага РУУС людзей, якія прыходзяць адзначыцца, не трымаюць у чарзе, а ў нас хвілін 15-20 можна чакаць. Адным словам, здаецца, сістэма адна і тая ж, але зусім розных падыходы да людзей”.
Ганадзь Фядыніч нагадвае, што 22 лістапада ў Жэневе на пасяджэнні Міжнароднай арганізацыі працы будзе ў тым ліку разгледжана і пытанне “справы прафсаюзаў”.
“Яшчэ раней яны рабілі запыт у розныя беларускія дзяржаўныя органы, ім перадавалі матэрыялы па нашай справе, – кажа ён. – Пабачым, якое могуць прыняць рашэнне альбо рэзалюцыю з гэтай нагоды…”