viasna on patreon

Суд задаволіў скаргу Віталя Максімава ў наглядным парадку

2019 2019-11-13T16:36:24+0300 2019-11-13T17:24:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/maksimov_vitalij.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віталь Максімаў. Фота: ПЦ "Вясна"

Віталь Максімаў. Фота: ПЦ "Вясна"

Старшыня Мінскага гарадскога суда Павел Каршуновіч у наглядным парадку адмяніў пастановы суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска і Мінскага гарадскога суда па справе грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Віталя Максімава, якога абвінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства і пагражалі высылкай з Беларусі.

Нагадаем, суд Кастрычніцкага раёна г. Мінска 2 траўня прызнаў Віталя Максімава вінаватым у тым, што ён"21 сакавіка ў 18.25 у месцы не прызначаным для правядзення масавага мерапрыемства, а менавіта ў памяшканні ААТ «Мінскі мясакамбінат», арганізаваў і правёў іншае масавае мерапрыемства, а менавіта рэлігійнае, на якім прапаноўваў шлюбным парам выпіць з адной чашы вінаградный сок, прамаўляў абед любові і вернасці".

Мужчыне суд прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў 30 базавых велічынь. Пасля гэтага ён з дапамогай праваабронцаў “Вясны” абскардзіў рашэнне ў Мінскі гарадскі суд, але той пакінуў скаргу без задавальнення. Пасля гэтага Віталь Максімаў падаў скаргу ў наглядным парадку.

Старшыня Мінскага гарадскога суда ў сваёй пастанове адзначае, што згодна з Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” пад іншым масавым мерапрыемствам разумеецца спартыўна-масавае, культурна-відовішчнае, іншае відовішчнае або культурнае мерапрыемства, рэлігійнае мерапрыемства, што праводзяцца ў спецыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам або ў памяшканні. Пры гэтым па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні падлягае даказванню наяўнасць дзеяння, прадугледжанага КаАП: час, месца, спосаб і іншыя акалічнасці здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння.

"Прыходзячы да высновы аб арганізацыі і правядзенні Максімавым іншага масавага мерапрыемства, судом не было ўстаноўлена, якое менавіта з мерапрыемстваў, вычарпальны пералік якіх утрымліваецца ў арт. 2 Закона, было праведзена Максімавым.

Выснова аб вінаватасці Максімава ў адміністрацыйным правапарушэнні з'яўляецца заўчаснай. Па справе дапушчаныя аднабаковасць, непаўната і неаб'ектыўнае даследаванне абставінаў адміністрацыйнага правапарушэння, што ў адпаведнасці з п. 1 ч. 1 ст. 12.14-1 ПВКаАП з'яўляецца падставай да адмены пастановы з накіраваннем справы на новы разгляд", – падкрэсліваецца ў рашэнні суда.

Павел Каршуновіч адмяніў пастановы суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска ад 2 траўня 2019 года і суддзі Мінскага гарадскога суда ад 18 чэрвеня 2019 года ў дачыненні Віталя Максімава, накіраваў справу на новы разгяд у раённы суд іншаму суддзі, указаўшы, што пры новым судовым разглядзе "варта ўлічыць выкладзенае, прыняць меры да ўсебаковага, поўнага, аб'ектыўнага даследавання і ацэнкі абставінаў справы ў сукупнасці з усімі доказамі па ёй і, у залежнасці ад устаноўленага, прыняць законнае і абгрунтаванае рашэнне".

Юрыст ПЦ "Вясна", які аказваў юрыдычную дапамогу Віталю Максімаву, Аляксей Лойка адзначае: 

“Мы будзем адсочваць сітуацыю далей. Пакуль жа мы спадзяемся, што ва ўладаў хопіць розуму і яны не будуць пазбаўляць Максімава права магчымасці жыць з яго сям'ёй у Беларусі. Мы будзем прынцыпова настойваць, каб справа ў дачыненні да Максімава было спыненая па рэабілітуючых падставах”.

Віталю Максімаву пагражае высылка з Беларусі, так як ён з'яўляецца грамадзянінам Расійскай Федэрацыі, а раней супрацоўнікі міліцыі ўжо папярэджвалі яго пра магчымасць такога зыходу. Сам актывіст лічыць дзеянні з боку міліцыі пераследам яго з-за рэлігійных поглядаў - мужчына з'яўляецца кіраўніком незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі «Царква аб'яднання». У нашай краіне ў яго від на жыхарства, жонка-беларуска і трое дзяцей.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства