Міхаіл Жамчужны: Аб сустрэчах не прасіце, але пішыце больш
Як піша "Віцебская Вясна", Міхаіл Жамчужны ў сваім апошнім лісце, які атрымалі ад палітвязня віцебскія праваабаронцы, паведамляе аб прынцыповай немагчымасьці кароткіх сустрэчаў з ім калегаў-праваабаронцаў – праз забароны і дыскрымінацыйныя ўмовы, створаныя ў калоніі.
«Сустрэцца са мной не змаглі вядомыя беларускія праваабаронцы Андрэй Бандарэнка, Тацяна Равяка і Барыс Бухель», – піша Жамчужны. З ягоных словаў, гэтыя сустрэчы не дазволіла кіраўніцтва сістэмы выканання пакарання.
Зняволены Жамчужны просіць грамадзянскіх актывістаў спыніць спробы дамагацца падобных сустрэчаў яшчэ і праз тое, што ў калоніі створаныя дыскрымінацыйныя ўмовы для камунікацый падчас сустрэчаў.
«Стаўлю ў вядомасць, што сустрэчы праходзяць праз двайное шкло, размова адбываецца праз тэлефонную трубку пад наглядам супрацоўнікаў калоніі і з аўдыёцэнзурай. Перадача якіх-небудзь дакументаў, нават адвакатам, падчас сустрэчы забароненая!» – расказвае ў лісце Міхаіл Жамчужны.
Палітвязень лічыць вялікім дабром магчымасць штомесяц без абмежаванняў сустракацца з адвакатам з Мінску і па неабходнасці – з віцебскім адвакатам. «Гэтымі сустрэчамі загарантоўваецца мая бяспека», – піша ён.
«З перапіскай сітуацыя цалкам непрымальная, – кажа праваабаронца Леанід Свецік. – На маім прыкладзе, яна знізілася да аднаго ліста за месяц, раней ліст ад Жамчужнага прыходзіў амаль кожныя два тыдні. Праўда, былі перапынкі ў ліставанні, калі Жамчужны знаходзіўся ў ШІЗА».
«І цэнзары, як гаворыцца, не дрэмлюць», – іранізуе ў лісце палітвязень.
«Цягам апошніх гадоў вялікая частка ўваходнай і выходнай карэспандэнцыі знішчалася цэнзурай. Апошнія выпадкі – лісты ў Чарнігаўскі Дом правоў чалавека, з Беларуска-Амэрыканскай асацыяцыі, ад Каўнярова (2019/10/31) – за «цынізм», – удакладняе Жамчужны.
Тым не менш, зьняволены праваабаронца просіць пісаць яму больш і часцей. Бо гэтак павялічваецца імавернасць таго, што хоць частка лістоў знойдзе свайго адрасата.
«У апошні час лісты ад палітвязня Міхаіла Жамчужнага прыходзяць з вялікімі затрымкамі, таму кожны ліст становіцца каштоўным той інфармацыяй, якую змяшчае, – пра стан здароўя, пра тое, якія падзеі і працэсы адбываюцца ў калоніі», – пракаментаваў Леанід Свецік сытуацыю наконт ліставання з вязнем папраўчай калоніі №9 Міхаілам Жамчужным.
Лісты дасылайце на адрас: 213410, ПК-9, бр.31, ПКТ, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласьць, Беларусь |