У Віцебскім СІЗА-2 не дазволілі зрабіць перадачу для Жамчужнага і адмовілі ў спатканні
Віцебскія праваабаронцы Павел Левінаў і Леанід Свецік звярнуліся з просьбай да адміністрацыі СІЗА №2, дзе зараз знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны, даць ім кароткатэрміновае спатканьне з ім. Таксама яны прасілі дазволіць зрабіць для яго перадачу і пералічыць на ягоны асабісты рахунак сродкі. Праваабаронцам далі дазвол толькі на пералік грошай, паведамляе "Віцебская Вясна".
Праваабаронцы з Віцебску Павел Левінаў і Леанід Свецік трэцяга сакавіка сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі СІЗА №2, у якім зараз знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны. Яны прасілі даць ім кароткатэрміновае спатканне з Жамчужным, а таксама дазволіць перадаць харчовую і рэчавую перадачы ды пералічыць для палітвязня грошы. Адказ быў атрыманы на наступны дзень. Па тэлефоне праваабаронцам паведамілі, што пераказ грашовых сродкаў на асабісты рахунак Міхаіла Жамчужнага зрабіць можна, а вось спатканне і перадачы – забароненыя.
Апошнюю перадачу атрымліваў у 2016-м
Леанід Свецік раней ужо спрабаваў перадаць пасылку для палітвязня ў Віцебскі СІЗА, але яму адмовілі – з прычыны, што не з'яўляецца блізкім сваяком Жамчужнага.
«Апошні раз палітвязень змог скарыстацца сваім правам на атрыманне перадачы ажно ў верасні 2016 году. Цяпер, адмаўляючы яму атрымліваць пасылкі, адміністрацыя Віцебскага абласнога СІЗА-2 не ўлічыла тыя акалічнасці, што Жамчужны з'яўляецца адзінокім пенсіянерам. Папросту кажучы, ён не мае блізкіх сваякоў, якія б маглі арганізаваць яму перадачу», – пракаментаваў сітуацыю Леанід Свецік.
Праваабаронца Павел Левінаў, у сваю чаргу, называе такі падыход адміністрацыі СІЗА «прамой дыскрымінацыяй».
«Гэта прамая дыскрымінацыя! Бо Жамчужны не можа рэалізаваць права, зацверджанае ў арт. 120 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, – у параўнаньні з іншымі зняволенымі, якія адбываюць пакаранне ва ўмовах строгага рэжыму, але маюць блізкіх сваякоў», – лічыць Левінаў.
Пішыце на СІЗА!..
У лісце праваабаронцам Міхаіл Жамчужны паведаміў, што пакінуў у калоніі ў Горках нататнік з адрасамі. Таму, каб наладзіць ліставаньне, вельмі просіць пісаць яму на СІЗА.
«Ад 20.01.20 ніводнага ліста ад мяне не выйшла і ніводны ліст не атрымаў. Паведамі ўсім нашым, няхай пішуць сюды, у СІЗА, пакуль ёсьць магчымасць. Маё ўтрыманне тут падоўжылі на месяц. Я б сам пісаў, але не маю адрасоў. На этап сабралі цягам гадзіны, і я не паспеў узяць самае неабходнае», – паведаміў у лісце палітвязень.
Міхаіл Жамчужны працягвае дамагацца ведамаснага кантролю за дзеяннямі адміністрацыі горацкай ПК №9, якая за тры гады пакарала яго 74 спагнаннямі ў ШІЗА.
«Пры першай сустрэчы з начальнікам горацкай калоніі палкоўнікам унутранай службы Аляксандрам Лапатко 17 ліпеня 2017 году ён, у прысутнасці сваіх намеснікаў сказаў: «Я цябе задушу! Мне тэлефанавалі з Віцебску...» І начальнік калоніі словаў на вецер не кідаў. Цэлы год ціснуў, пакуль яго на пенсію не адправілі», – расказаў у лісце палітвязень.
Рэпрэсіі і правакацыі ў дачыненні да Жамчужнага былі сур'ёзныя: напад у санчастцы, спроба суіцыду ў лазні ШІЗА, спроба атручвання на Новы 2018 год і абвінавачванні ў хуліганстве. Усё гэта было зробленае «рукамі зняволеных».
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96