viasna on patreon

Другі дзень судоў у Брэсце. Асудзілі праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна Дапоўнена

2020 2020-05-12T16:40:00+0300 2020-05-15T12:58:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/brest_15kra_viasna_27.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Вялічкін. Фота: ПЦ "Вясна" (2019 год)

Уладзімір Вялічкін. Фота: ПЦ "Вясна" (2019 год)

У Брэсце працягваюцца суды над праціўнікамі завода АКБ, якія кожную нядзелю выходзяць на цэнтральную плошчу на акцыю па "кармленні галубоў". Таксама сёння, 12 траўня, мусяць судзіць праваабаронцаў Рамана Кісляка і Уладзіміра Вялічкіна. Абодва былі затрыманы 10 траўня пасля нядзельнай акцыі, і пра іх месцазнаходжанне не было дакладна вядома больш за суткі. Жонка праваабаронцы "Вясны" Маргарыта Вялічкіна звярнулася ў пракуратуру з заявай аб знікненні чалавека. Тое самае зрабіла і маці Рамана Кісляка.

Ранкам 12 траўня Рамана Кісляка, Уладзіміра Вялічкіна, а таксама затрыманага тады ж актывіста прафсаюза РЭП Валерыя Фамінскага прывезлі ў суд Ленінскага раёна.

Дапоўнена: вядома, што суд над Уладзімірам Вялічкіным пачаўся прыкладна ў 12.00. З моманту затрымання ў нядзелю і да суда Уладзімір Вялічкін знаходзіўся ўсё ж такі ў Кобрынскім ІЧУ (хоць самі яго супрацоўнікі гэта адмаўлялі). Ніякай інфармацыі пра затрыманага праваабаронцу яго жонцы не давалі. На суд у Брэст Уладзіміра Вялічкіна прывезлі зранку. Маргарыта Вялічкіна яго выпадкова ўбачыла ў будынку суда.

"У зале сядзеў адзін Уладзімір і тры міліцыянты ў масках, —  каментуе Маргарыта Вялічкіна, — я перадала яму лекі і цёплыя рэчы, бо затрымалі яго ў нядзелю, калі было добрае надвор'е".

Уладзімір Вялічкін выказаў недавер суддзі Д. Куроўскаму, бо той вядомы сваімі палітычна матываванымі рашэннямі ў справах актывістаў.

Зараз у судовым працэсе зроблены перапынак да 15.30.

У 16.10 Маргарыта Вялічкіна паведаміла, што яе выдалілі з залі судовага пасяджэння:

"Я стала абурацца — яны ўсё хлусяць! Сведка-амапавец Власюк кажа, што [на акцыі "кармлення галубоў" 10 мая — заўв.] Уладзімір Вялічкін быў у белай куртцы. Але ў белай куртцы на акцыі ён быў два тыдні таму. Яны проста выкарысталі стары відэа-запіс у якасці доказаў. Я прынесла зараз гэтую белую куртку Уладзіміру на суд сярод іншых цёплых рэчаў і, калі зайшла размова пра яе, проста яе прадэманстравала суду! Але мяне выдалілі".

Цікава, што стрым з акцыі "кармлення галубоў" 10 мая вёў youtube-канал "Народный репортёр". Вядучая стрыму тады паразмаўляла сярод іншага і з Уладзімірам Вялічкіным, дзе выразна бачна, што ён быў апрануты ў цёмнае адзенне без курткі (пачынаючы з секунды 14:10  у стрыме). Таксама там бачна, што акцыя прайшла без гучных лозунгаў, у той час як сведка заяўляў, што Вялічкін лозунгі выкрыкваў.

Таксама Маргарыта Вялічкіна паведаміла, што паралельна адбываецца суд над Раманам Кісляком і Валерыям Фамінскім. Прыкладна ў 15.30 іх адвезлі ў Ленінскі ІЧУ. Інфармацыя ўдакладняецца.

У выніку суд пакараў Уладзіміра Вялічкіна па частцы 3 артыкула 23.34 штрафам у 50 б.в. (1350 бел.руб) і тым не менш забралі назад у ІЧУ. Заўтра, 13 траўня, праваабаронцу чакае яшчэ адзін суд.

Валеры Фамінскі атрымалі па  30 б. в. (810 бел.руб.). Пасля суда яго таксама адвезлі ў ІЧУ.

У праваабаронцы Рамана Кісляка таксама распачаўся суд. Ён хадайнічаў аб адвакаце, а таксама аб азнакамленні з матэрыяламі справы. Суд перанес паседжанне на іншы дзень. Але адразу пасля суда міліцыя яго ізноў затрымала і адвезла ў ІЧУ.

(Раней у гэтым артыкуле паведамлялася, што суд 12 траўня вынес штраф у 30 б.в. у дачыненні да Рамана Кісляка. Але гэта няслушная інфармацыя).

Таксама вядома, што працэс над Фамінскім перанеслі на 18 траўня.  Там же быў затрыманы актывіст Юрый Калько, у якога напярэдадні ўжо быў суд і ён атрымаў 40 базавых велічынь штрафу за парушэнне артыкулаў 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне міліцыі). 

Пасля 14.00 адбыўся працяг суда над Уладзімірам Марозам, Віталём Казаком, Уладзімірам Дземенціюком. Напярэдадні штраф у 30 базавых атрымалі Дзяніс Малышэнка і Алег Вялаў. Вялаў пасля суда на волі, а вось Малышэнку адразу затрымалі. Міліцыянты сказалі, што нібыта павезлі ў РАУС складаць новы пратакол. Пазней высветлілася, што яго, які і іншых актывістаў, зноў адвезлі ў ізалятар.

Віталь Казак у судзе 12 траўня 2020 года. Фота: «Белсат»
Віталь Казак у судзе 12 траўня 2020 года. Фота: «Белсат»

Зараз вядома, што Уладзімір Мароз, Віталь Казак і Уладзімір Дземенціюк атрымалі штрафы у 30 б.в. Таксама адразу пасля суда ў ІЧУ забралі Мароза і Казака. 

Суды над актывістамі праходзяць на Берасцейшчыне, у Лідзе, Мазыры і Жлобіне

11 траўня па ўсёй краіне праходзяць суды над удзельнікамі акцый па “кармленні галубоў” ці сустрэч з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. У 12 гарадах краіны судзяць актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў і простых удзельнікаў сустрэч каналу “Краіна для жыцця”.

Інфармацыя будзе дапаўняцца. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства