viasna on patreon

Палітвязень Жамчужны: Выносіць парушэнні перасталі, пакаранняў не было

2020 2020-06-23T13:37:03+0300 2020-06-23T14:48:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/no-nj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны

Палітвязень Міхаіл Жамчужны скардзіцца на тое, што пасля прыбыцця ў Горацкую калонію з Віцебскага абласнога СІЗА №2 перапіска з аднадумцамі і калегамі-праваабаронцамі так і не наладзілася. Ён працягвае адстойваць свае правы ў судах і падрыхтаваў індывідуальны зварот ў Камітэт па правах чалавека ААН. Пра гэта паведамляе "Віцебская Вясна".

"З апошняга ліста ад палітвязня я зразумеў, што маё пасланне, якое было адпраўленае ў Горацкую папраўчую калонію, Міхаіл Ігаравіч не атрымаў", – кажа віцебскі праваабаронца Леанід Свецік.

З ягоных словаў, гэта не першы выпадак, калі з палітвязнем на доўгі час спыняецца камунікацыя.

У лісце да праваабаронцы Міхаіл Жамчужны паведаміў, што працягвае высвятляць сітуацыю, якая ўзнікла вакол яго асабовага рахунку. Калі палітвязень знаходзіўся ў СІЗА №2, яму на рахунак былі пераведзеныя грошы для забеспячэння неадкладных патрэбаў у абароне правоў і законных інтарэсаў. Па прыбыцці ў калонію ён не пабачыў на рахунку пераведзенай сумы.

"Справа ў тым, што я на сваім асабовым рахунку гэтых грашовых сродкаў не выявіў. Для задавальнення бягучых патрэбаў грошы мне пакуль не патрэбныя, але разабрацца з сітуацыяй, якая ўзнікла, вельмі неабходна", – піша Жамчужны.

Палітвязень глыбока перакананы, што пры расследаванні крымінальнай справы, па якой ён цяпер адбывае пакаранне, следствам былі парушаныя яго працэсуальныя правы. Да гэткіх высноваў Жамчужны прыйшоў абагульніўшы факты, прапісаныя ў прысудзе ды іншых дакументах, да якіх ён мае доступ. Грунтуючыся на цвёрдым падмурку фактычных дадзеных, замацаваных у дакументах, ён прыняў рашэнне звярнуцца ў міжнародныя арганізацыі, якія маюць паўнамоцтвы разглядаць індывідуальныя скаргі грамадзянаў Беларусі.

"Рыхтую заяву ў Камітэт па правах чалавека. Яна ўжо практычна напісаная, але патрэбны час для ўдакладнення некаторых дэталяў", – паведамляе калегам-праваабаронцам палітвязень.

Жамчужны настойліва дамагаецца выніковага расследавання крымінальнай справы па крадзяжы каштоўнага абсталявання, якое ён вырабіў і якое працуе на шэрагу абласных прадпрыемстваў. Аднак расследаванне прасоўваецца марудна, а значная частка матэрыялаў справы былі знішчаныя работнікамі суду.

"За парушэнне закону ў гэтай справе былі пакараныя: пракурор Віцебску, тры следчыя з Віцебскага гарадскога следчага камітэту. Аб пакаранні суддзяў паведамлю, калі даведаюся..." – піша Жамчужны.

Не змяніліся дыскрымінацыйныя падыходы адміністрацыі калоніі ў дачыненні да Жамчужнага. Яны асноўваюцца на дробязных неабгрунтаваных прыдзірках да яго, а ў выніку – на фіксацыі фактаў парушэння рэжыму адбыцця пакарання.

"Ад 24-га да 29 красавіка мне штодзень выносілі парушэнні. 29.04.2020 я ўсё абскардзіў адразу ў жорсткай форме. Выносіць парушэнні перасталі, пакаранняў не было", – паведамляе ў лісце Міхаіл Жамчужны.

Піша таксама, што яму пакуль не атрымліваецца прарвацца на старонкі незалежных беларускіх выданняў. Чаму так – Жамчужны не ведае, але не спыняе спробаў надрукавацца на старонках "Народнай волі" і "Свободных новостей".

Як заўсёды, Міхаіл Ігаравіч паведамляе пра тое, што са здароўем у яго ўсё ў парадку. Мае баявы настрой, захоўвае бадзёрасць духу.

"Прывітанні і падзякі ўсім маім абаронцам! Я нікога і нічога не забуду, толькі прашу: беражыце сябе!" – просіць калег палітвязень.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства