viasna on patreon

Таццяну Севярынец аштрафавалі на 810 рублёў: скандавала «Жыве Беларусь!» і «Стоп таракан!»

2020 2020-07-23T15:07:57+0300 2020-07-23T15:07:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/seviarynec_t_sud1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Таццяна Севярынец (справа) падчас суду. Фота з сайта "Віцебскай Вясны"

Таццяна Севярынец (справа) падчас суду. Фота з сайта "Віцебскай Вясны"

Чарговы судовы працэс над актывісткай БХД Таццянай Севярынец прайшоў 22 ліпеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску. Суддзя Дзяніс Аляксеенка прызнаў Севярынец вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч. 3 арт. 23.34 КаАП) і аштрафаваў на 30 базавых велічыняў. Пра гэта паведамляецца на сайце "Віцебскай Вясны". 

Як зафіксавана ў двух адміністрацыйных пратаколах, складзеных на Таццяну Севярынец маёрам міліцыі Склімянком, жанчына ўзяла актыўны ўдзел у не дазволеных уладамі масавых мерапрыемствах каля ГЦ «Марка-Сіці» 31 траўня і 7 чэрвеня. На пікетах «публічна выказвала свае асабістыя і грамадзка-палітычныя інтарэсы, скандавала лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Стоп таракан!»

На судзе Таццяна Севярынец спаслалася на арт. 61 Выбарчага кодэксу, згодна з якім падчас выбарчай кампаніі збор подпісаў можа ажыццяўляцца ў форме пікетавання, дазвол на які браць не трэба. 31 траўня яна прыйшла паставіць свой подпіс за Святлану Ціханоўскую і не адмаўлялася ад таго, што выступіла на пікеце, тым больш што ў ім браў удзел ейны сын – цяпер палітвязень Павел Севярынец. Імпрэза было абсалютна законнай, сцвердзіла Тацяна Севярынец.

Актывістка не пагадзілася з тым, што нібыта заклікала на пікеце да байкоту выбараў. Заклікала толькі «не баяцца выказваць сваё меркаванне, бо гэтае права гарантуецца і заканадаўствам, і Канстытуцыяй».

Што да пікетавання 7 чэрвеня, то спадарыня Таццяна не адмовілася ад сваёй прысутнасці на ім, але запэўніла, што ніякіх плакатаў, як гэта сцвярджалася ў пратаколе, не выкарыстоўвала і да байкоту не заклікала.

«Шкада, што нашая міліцыя столькі часу губляе на збор усёй гэтай інфармацыі, падсоўвае яе ў суды – у той час як у краіне столькі праблемаў! Маючы вялікі жыццёвы досвед, скажу: гэта настолькі непрыгожа, настолькі не адпавядае жыццю і ідэям свабоднай дэмакратычнай краіны, што проста горка!» – абурылася Тацяна Севярынец, выслухаўшы доўгі пералік прыкладзеных да справы дакументаў.

Суддзя Дзяніс Аляксеенка. Фота з сайта
Суддзя Дзяніс Аляксеенка. Фота з сайта "Віцебскай Вясны"

Адзначым, што суддзя Дзяніс Аляксеенка на самым пачатку працэсу задаволіў хадайніцтва Севярынец аб магчымасці весці відэаздымкі. Але на гэтым праявы дэмакратычнага суду і скончыліся. Шчырая прамова Таццяны Севярынец ніяк не паўплывала на канчатковае рашэнне суду: штраф – 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства