Пацыент ЛПП паскардзіўся ў КПЧ ААН, яго паведамленне зарэгістраванае Дакумент
У КПЧ ААН зарэгістраванае індывідуальнае паведамленне жыхара Смаргоні на парушэнне Рэспублікай Беларусь адразу трох артыкулаў Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах пры размяшчэнні яго у ЛПП.
Рашэннем суда Смаргонскага раёна ад 9 жніўня 2017 года жыхар Смаргоні Сяргей Цыркуновіч быў накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП) тэрмінам на адзін год.
Гэта рашэнне ён абскардзіў у Гарадзенскі абласны суд, але безвынікова. У сваім вызначэнні суд без усялякай аргументацыі адзначыў, што нормы Міжнароднага Пакта ў дадзеным выпадку не парушаны. Пасля 8-месячнага знаходжання ў ЛПП Сяргей Цыркуновіч быў датэрмінова вызвалены.
Жыхар Смаргоні пасля ЛПП: “Гэта не лячэнне, а выкарыстанне амаль бясплатнай рабочай сілы”
З дапамогай праваабаронцаў ён накіраваў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека, у якой абвінаваціў Рэспубліку Беларусь у мяркуемым парушэнні трох артыкулаў Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах пры размяшчэнні яго ў ЛПП. Гэта артыкул 7 Пакту (ніхто не павінен падвяргацца пыткам або жорсткаму, бесчалавечнаму або прыніжаючаму годнасць абыходжанню або пакаранню), артыкул 8 (ніхто не павінен утрымлівацца ў паднявольным стане і прымушацца да прымусовай або абавязковай працы), артыкул 9 (кожны чалавек мае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць).
Паводле паведамлення Камітэта ад 8 ліпеня 2020 года, скарга зарэгістравана і ёй нададзены нумар 3783/2020.
Пры гэтым Рэспубліцы Беларусь у сувязі з распаўсюдам каронавіруса прапанаваны падоўжаны тэрмін на падрыхтоўку пярэчанняў на скаргу: замест прадугледжаных працэдурай 6 месяцаў прадстаўлена 8 месяцаў.