viasna on patreon

Суд над сынам і бацькам Букасамі ў Бабруйску: заслухалі трох сведак

2020 2020-11-11T19:26:54+0300 2020-11-12T08:52:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bukasy_11-11-20.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

КАРТКА ПРАЦЭСУ

Суд: Бабруйскага раёна і г.Бабруйска

Суддзя: Андрэй Літвін

Абвінавачаныя: Ігар і Алег Букасы

Пацярпелы: маёр ДАІ Уладзімір Мяншоў

Артыкул: 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў)

У судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска 11 лістапада працягнуўся разгляд крымінальнай справы супраць Ігара і Алега Букасаў.

Ігар і Алег Букасы – бацька і сын з Бабруйску - былі затрыманыя 10 жніўня. У той дзень сям'я Букасаў накіроўвалася ў краму, але не даехала да яе каля ста метраў, бо дарога была ачэпленая з-за акцыі пратэсту. Непадалёк ад месца, дзе Букасы прыпаркавалі машыну, яны заўважылі іншае аўто і аўто ДАІ. Каля гэтых машын нейкая жанчына прасіла адпусціць кіроўцу. Старэйшы Букас вырашыў пацікавіцца, што адбываецца, і падыйшоў да супрацоўніка ДАІ. У выніку ён і яго сын былі гвалтоўна затрыманы.

У Бабруйску судзяць бацьку і сына за гвалт над міліцыянтам

Першы дзень разгляду крымінальнай справы

Сёння на паседжанні заслухалі трох сведак: супрацоўніка дэпартаменту аховы Дзяніса Балыку, мужа і жонку Юлію і Дзмітрыя Осіпавых

З боку пацярпелага выступіў Дзяніс Балыка. Ён быў на службе і назіраў за інцыдэнтам праз дарогу. Калі пачаўся канфлікт паміж Меньшовым і Букасам, сам добраахвотна пайшоў у той бок. Сведка бачыў, што Ігар Букас нанёс удар Меньшову ў раён твару, таксама бачыў штуршок у грудзі, але не ведае, хто яго рабіў. Пры гэтым сведка не чуў, як Меньшоў заклікаў супрацоўнікаў "браць актыўных". На пытанне пракурора, ці быў там мітынг, Балыка паведаміў, што людзей там было пару дзясяткаў, якія нібыта выказвалі агрэсію і здымалі тое, што адбываецца, на тэлефоны.

Суддзя заўважыў супярэчнасці з паказаннямі падчас следства. Тады Балыка казаў, што з натоўпу выйшла чалавек дзесяць, і Меньшоў выйшаў з імі пагаварыць. Пасля пацярпелага акружылі чатыры-пяць чалавек, і Меньшоў паклікаў супрацоўнікаў у шлемах. Пасля ён пачуў крык "бей ментов" — тады Меньшоў атрымаў удар ад Ігара Букаса, а Шапяткоўскі — ад Алега Букаса. На пытанне суддзі, якія паказанні больш дакладныя, Балыка сказаў, што сённяшнія.

У судзе над Букасамі 11 лістапада
У судзе над Букасамі 11 лістапада

Наступнымі сведкамі была сямейная пара: Юлія і Дзмітры Осіпавы. Яны вымушаныя былі ісці гэтай вуліцай: іншыя вуліцы былі перакрытыя, і на гэтую іх скіравалі супрацоўнікі міліцыі раней. Менавіта Юлія была ў гушчы падзей і першая спытала ў супрацоўнікаў ДПС, навошта яны спынілі аўто, а таксама прасіла, каб кіроўцу адпусцілі. У гэты момант да яе і падышоў Ігар Букас і таксама папрасіў адпусціць кіроўцу. Пасля, са слоў сведкі, Букас сказаў, што ў экіпажа ДПС таксама адсутнічае налепка тэхагляду. І калі да гэтага яны вялі спакойны дыялог, пасля заўвагі пра налепку Меньшоў стаў агрэсіўным і крыкнуў у бок "эй, пятеро сюда" — і да іх пабеглі людзі ў масках. Юлія і Ігар пачалі адыходзіць, але Мяньшоў пачаў хапаць Букаса за плячо. Ігар адмахнуўся, але падбеглі людзі ў чорным і пачалі біць Ігара, а пасля і іншых. Усё гэта Юлія здымала на тэлефон ад пачатку здарэння. Яе, як і іншых, пагрузілі ў аўтазак нібыта за ўдзел у мітынгу і завезлі ў аддзяленне міліцыі, дзе яе прымусілі выдаліць відэа з тэлефона, а праз некаторы час адпусцілі. Дзмітры Осіпаў фактычна пацвердзіў словы жонкі, але яму пашанцавала і ён паспеў пазбегнуць затрымання. Пасля ў судзе агучвалі матэрыялы справы.

Наступнае паседжанне адбудзецца 13 лістапада. На судзе будуць праглядаць відэа з месца здарэння. Магчыма, пачнуцца спрэчкі бакоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства