Палітычны пераслед у Беларусі: хроніка за сёмага ліпеня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Сёмага ліпеня працягваюць заводзіць новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы, улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Магілёў
Супрацоўнікі КДБ затрымалі магілёўца Паўла Ахрамеева. Вядома, што да яго прыйшлі ў кватэру ў рамках невядомай крымінальнай справы. Статус Ахрамеева невядомы - нібыта, ён сведка, але пры гэтым невыключана, што яго затрымаюць на трое сутак да прад'яўлення абвінавачвання.
Раней, у гэты ж дзень, Ахрамеева зрабілі зразуметым у суседкі, у якой прайшоў ператрус па крымінальнай справе за нейкі абразлівы каментар, паведамляе MAYDAY.
Берасце
Рэдактара навінаў сайту «Першы Рэгіён» Алега Супрунюка вінавацяць у вырабе і распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Затрыманага ўчора ў Брэсце Алега Супрунюка даставілі ў суд Ленінскага раёна Брэста. Справа тычыцца падрыхтоўкі журналісцкага матэрыялу, фотаздымак у якім раней быў прызнаны экстрэмісцкім, піша @bajby
Ноч Алег Супрунюк, былы старшыня брэсцкай філіі БАЖ, правёў у міліцыі. Цяпер яму пагражае вялізны штраф альбо адміністрацыйны арышт.
Мінск
Міністэрства юстыцыі пачало пазапланавую праверку Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына»
Пра гэта паведамляе арганізацыя. Раней пазапланавыя праверкі распачалі ў дачыненьні да іншых грамадзкіх арганізацыяў – РГА «Беларускі ПЭН-Цэнтр», ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», аб’яднанняў «Экадом», «Звяно», руху «За свабоду».
Таксама Міністэрства юстыцыі правярае грамадскую арганізацыю "Цэнтр "Трэці сектар", паведамляе БАЖ.
"Запатрабаваныя тысячы дакументаў. Мы атрымалі таксама пісьмовае папярэджанне, — кажа заснавальнік арганізацыі Вітаўт Руднік. — Асноўныя прэтэнзіі: праекты Універсітэт залатога веку, Школа журналістыкі, якія раптам сталі падавацца ім нестатутнай дзейнасцю. Інтарэс праяўляе таксама ДФР. Вельмі верагодна, што рыхтуецца ліквідацыя".
“Цэнтр "Трэці сектар" быў заснаваны ў 1997 годзе. Арганізацыя ставіла перад сабой мэты развіцця грамадзянскай супольнасці, адукацыі журналістаў і грамадскіх актывістаў.
Па звестках праваабаронцаў, у Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі Дар’ю Пажытных, Георгія Родзіна, Сяргея Жыбуртовіча і Крысціну Бардзілоўскую. Падрабязнасці высвятляюцца.
Палітзняволеную Вольгу Залатар у дзень народзінаў перавялі ў «Навінкі»
Стала вядома, што раніцай 7 ліпеня палітзняволеную Вольгу Залатар перавялі ў «Навінкі» для псіхіятрычнай экспертызы мінімум на два тыдні. Сёння ёй спаўняецца 38 гадоў.
Вольгу затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа 18 сакавіка, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу. 29 сакавіка палітзняволенай прад'явілі абвінавачванне па артыкуле 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем).
Інфармацыя будзе дапаўняцца.