viasna on patreon

"Калядная зорка свеціць над усімі, незалежна ад кратаў". Гід па віншаваннях палітвязняў са святамі

2023 2023-12-15T10:10:00+0300 2023-12-15T13:48:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/navagoni_gaid_soikaimg249.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя sojka.io

Ілюстрацыя sojka.io

Святы ідуць і абуджаюць надзею на новы, свежы і лепшы год, які чакае нас наперадзе. Пры гэтым за кратамі застаюцца тысячы нашых суайчыннікаў, да якіх не даляціць "бурбонавы барытон" Фрэнка Сінатры і пах сапраўднага каляднага стала. Але мы хочам і можам віншаваць закладнікаў сістэмы, паказваць, што памятаем пра іх і спадзяемся на хуткую сустрэчу. Сойка разам з Праваабарончым цэнтрам "Вясна" сабрала асноўныя спосабы паведаміць палітвязням пра "новую радасць". Калядная зорка свеціць над усімі, незалежна ад кратаў.

Лісты 

Ілюстрацыя sojka.io
Ілюстрацыя sojka.io

Ва ўсіх месцах утрымання нашых палітвязняў лісты застаюцца асноўным спосабам камунікацыі. З пачаткам поўнамаштабнага нападу на Украіну карэспандэнцыю з беларускімі вязнямі моцна блакуюць, ды ўсё ж нешта даходзіць да адрасатаў. У калоніі варта адпраўляць заказныя лісты. Яшчэ можна дасылаць проста пустыя паштоўкі — так больш шанцаў, што іх аддадуць, ды і самі палітвязні змогуць павіншаваць са святамі сваіх блізкіх.

Важна! Лісты і паштоўкі можна адпраўляць не адыходзячы ад кампутара ці тэлефона з дапамогай:

Блакаваць лісты і паштоўкі — адзін з пашыраных метадаў ціску з боку супрацоўнікаў СІЗА, турмаў, калоніяў. Аднак давайце памятаць, што, калі лісты дойдуць, яны могуць аказацца ледзь не адзінай светлай падзеяй на святы.

Былы палітвязень Андрэй Шляпаў, які правёў у зняволенні амаль паўгода, зыходзячы з асабістага досведу, расказаў пра важнасць і неабходнасць падтрымкі лістамі зняволеных:

"Беларусам трэба надаваць адмысловую ўвагу напісанню лістоў палітвязням, асабліва малавядомым людзям. Бо звычайным хлопцам прыходзіць мала лістоў — таму ў іх складаецца ўражанне, што пра іх забыліся. Я да затрымання сам пісаў лісты палітвязням, але толькі ў турме адчуў іх сілу. Яны сапраўды вельмі патрэбныя людзям. Які б чалавек ні быў моцны, ён там заўсёды чакае лістоў. І нават не асабліва важна, што ў іх напісана. Сам факт атрымання ліста ўжо выклікае каласальныя эмоцыі".

Тэлеграмы

Ілюстрацыя sojka.io
Ілюстрацыя sojka.io

Іх можна адправіць з аддзялення пошты ці хатняга тэлефона па нумары 166. Не забудзьце падпісацца, калі хочаце, каб вязень ведаў, ад каго прыйшла вестачка.

«Твая тэлеграма — два радкі, 82 літары — умясціла агромную колькасць цяпла і нават трошачкі натхніла мяне на ўчынкі ў будучыні», — вось так адрэагаваў на тэлеграму адзін з палітзняволеных, які знаходзіцца ў калоніі.

Грашовыя пераводы 

Ілюстрацыя sojka.io
Ілюстрацыя sojka.io

Грашовыя пераводы можна зрабіць вязням, якія знаходзяцца ў следчых ізалятарах і прысуд у дачыненні да якіх не ўступіў у сілу. Любы сімвалічны данат палітвязню будзе вялікай падтрымкай, бо нагадае, што пра яго не забыліся. На грошы, што прыйдуць на асабісты рахунак, зняволены зможа набыць у «атаварцы» (турэмнай краме) да Калядаў нешта прыемнае, напрыклад, згушчонку і каржы для святочнага торта.

З успамінаў святкавання мінулага Новага года на Валадарцы былога вязня Арцёма Майсіёнка:

«У “атаварцы” мы замовілі інгрэдыенты для торціка: каржы для “Напалеона”, згушчонку, масла. Згушчонка была “Глыбоцкая”. Але ў спісе крамы там проста напісана — “Згушчонка”, “Вафлі”».

Зрабіць грашовы перавод можна на пошце ці нават праз інтэрнэт-банкінг. Плюс яшчэ такой падтрымкі ў тым, што, калі чалавека этапуюць у калонію, то гэтыя грошы з асабістага рахунку ў СІЗА пяройдуць на яго рахунак у калоніі. Але грашовы перавод нельга зрабіць тым, хто ўнесены ў так званы "спіс тэрарыстаў". Пазнаку пра гэты статус можна знайсці тут.

Пасылкі 

Ілюстрацыя sojka.io
Ілюстрацыя sojka.io

Палітзняволеных можна павіншаваць і сапраўдным падарункам — пасылкай з ласункамі ды прыемнай драбязой. Такі спосаб актуальны для вязняў, якія знаходзяцца ў СІЗА і прысуд у дачыненні да якіх не уступіў у законную сілу. У пасылку можна класці тое ж, што і ў перадачу, толькі дадаць вопіс-пералік у адвольнай форме. Узгадняць пасылкі з роднымі палітвязня не трэба, але, калі ёсць сувязь, то можна дазнацца пра тое, што любіць чалавек.

Важна! Перадачы без узгаднення з роднымі рабіць вельмі не рэкамендуецца.

Колькасць і вагавыя абмежаванні для пасылак не вызначаныя — толькі тыя, што вам паведамяць на пошце. Але ёсць выключэнне для вязняў, якія знаходзяцца ў берасцейскім СІЗА-7 і для некаторых вязняў баранавіцкага СІЗА-6. Адміністрацыя гэтых ізалятараў залічвае вагу пасылак у агульную вагу перадач. У Берасці гэтыя абмежаванні тычацца амаль усіх палітвязняў, а ў Баранавічах — толькі некаторых. Таму палітвязняў з гэтых ізалятараў можна падтрымліваць лістамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі.


Што нельга класці ў пасылку

Для пасылак дзейнічаюць тыя ж абмежаванні, што і на перадачы, але ёсць і дадатковыя. Напрыклад, у пасылку нельга класці прадукты, якія хутка псуюцца. Існуе пералік прадметаў, якія асуджаныя могуць атрымліваць у пасылках. Яго можна знайсці ў Правілах унутранага распарадку папраўчых устаноў. Так, у пасылкі, напрыклад, нельга класці чарнасліў, разынкі, сланечнікавыя семкі, казінакі, зёлкі, соль, кнігі, часопісы, крыжаванкі, сканворды.


 Што варта пакласці ў пасылку

Заўсёды актуальнымі ў СІЗА будуць арэхі, цукаты, сушоныя каўбаскі і сыр, шакалад, кава і гарбата, цыгарэты. Зімой варта паклапаціцца пра вітаміны для палітвязняў: як праз садавіну і гародніну, гэтак і праз лекі. У некаторых камерах цяпер халодна, таму варта падбаць, каб зняволенаму было цяплей. Таму для калядных пасылак будуць актуальныя, напрыклад, цёплыя ваўняныя шкарпэткі. Каб зрабіць зняволеным прыемна, можна дасылаць шкарпэткі з цікавымі і каляровымі малюнкамі.

З касметыкай у пасылках сітуацыя цяжэйшая. Але можна перадаць духмянае мыла, крэм для рук і гігіенічную памаду.
Бандэролькай можна адправіць пустыя канверты, прыгожыя паштоўкі і паперу, асадкі, налепкі, каб вязні змаглі павіншаваць са святамі сваіх родных і блізкіх людзей.

З ліста палітвязня, старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага:

«Дзякуй вялікі за віншаванні і за пасылку! Усё атрымаў, асабліва смачныя былі ігрушы. Люблю верасень за багаты плён у гародзе і ў лесе».

Як даслаць пасылку палітзняволеным з-за мяжы?

Распавядаем, хто можа даслаць пасылку, што ў яе можна пакласці і як зрабіць гэта з-за мяжы.

Падтрымка "хімікаў" 

Ілюстрацыя sojka.io
Ілюстрацыя sojka.io

Для палітзняволеных "хімікаў", якія знаходзяцца ў папраўчых установах адкрытага тыпу, можна таксама замовіць дастаўку ежы ці падарунку, але загадзя ўзгадніўшы з імі час. На «хіміях» вязням можна карыстацца тэлефонамі, таму можаце наўпрост павіншаваць іх са святамі ў сацсетках і мэсэнджарах. Таксама можаце адправіць ім звычайную пасылку — тут на іх змест абмежаванняў няма. Але грашовыя пераводы не прадугледжаныя.

Падтрымка "хатніх хімікаў"

Ілюстрацыя sojka.io
Ілюстрацыя sojka.io

Варта памятаць і пра асуджаных да «хатняй хіміі», якія вельмі абмежаваныя ў волі, хоць і знаходзяцца дома. Вы можаце сачыць за імі ў сацсетках і падтрымліваць іх асабіста. Напрыклад, дзве асуджаныя да «хатняй хіміі» керамісткі Кацярына Лесавік і Анастасія Малашук ладзяць майстар-класы па лепцы з гліны і прадаюць свае гліняныя вырабы. Калі вы нешта набудзеце ў іх, то гэта будзе добрай падтрымкай.

Падтрымка сем'яў палітвязняў

Ілюстрацыя sojka.io
Ілюстрацыя sojka.io

Сем’ям палітвязняў можна дапамагаць са зборам перадачаў да зняволеных, а можна і самі сем’і віншаваць са святамі. У гэтым асабліва маюць патрэбу дзеці палітвязняў, пазбаўленыя магчымасці бачыць бацькоў. Падтрымаць іх можна як асабіста, гэтак і паўдзельнічаўшы ў навагодніх зборах Фондаў салідарнасці.

Так, напрыклад, можна дапамагаць данатамі палітзняволеным і іх сем'ям праз прыватныя зборы BYSOL, а таксама і былым вязням, якія адбылі тэрміны і выйшлі на волю.Акрамя гэтага, заклікаем далучацца да каляднага збору для дзяцей, чые бацькі апынуліся ў зняволенні па палітычных матывах.

«Важна падтрымліваць сваякоў палітвязняў, і каб пра гэта дазнаўся сам зняволены. Гэта нашмат лепш за падтрымку самога палітвязня», — казаў былы палітвязень.

Віншаванні па радыё 

Ілюстрацыя sojka.io
Ілюстрацыя sojka.io

Калі вы дазнаецеся, якое радыё круцяць у той ці іншай установе, то можна крэатыўна павіншаваць палітвязня і вельмі спадзявацца, што ён пачуе паведамленне. Былыя палітвязні расказвалі, што часта чулі прывітанні, перададзеныя па радыё.

Вядома, пералічаныя спосабы вельмі недасканалыя. Сапраўднае хатняе цяпло, смакі, пахі і пачуццё дому ў дачыненні да незаконна зняволеных людзей гучаць як недасяжная калядная магія. Аднак сіла беларусаў — у адзінстве. Пакуль апошні палітзняволены знаходзіцца ў вязніцы, кожны з нас можа быць крыху паўночным аленем, крыху калядным гномам, а трошкі — пранізлівай Сойкай, што разносіць весткі па ўсім зачараваным лесе. Пакуль цуд не здарыўся і муры не рухнулі, наш калядны цуд — гэта пастаянны клопат адно пра аднаго. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства