Як захаваць здароўе ў зняволенні? Парады і рэкамендацыі лекараў
Сёлета тэмай Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі абвешчана права на здароўе і медычную дапамогу ў зняволенні. У беларускіх турмах нізкі ўзровень медычнай дапамогі і абмежаваны доступ да якасных медыкаментаў. Праз жорсткія і нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў палітвязняў з'яўляюцца цяжкія хваробы і абвастраюцца хранічныя захворванні. На сённяшні дзень вядома пра шэсць смерцяў вязняў у турме праз несвоечасовае аказанне ім меддапамогі: Аляксандр Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак. Таксама не меней як 254 палітвязня знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Таму захаванне здароўя ў беларускіх месцах няволі стала сапраўдным выклікам для многіх вязняў і арыштантаў.
З гэтай нагоды праваабаронцы "Вясны" запускаюць інфармацыйную кампанію "Як захаваць здароўе ў зняволенні". Мы будзем збіраць і публікаваць парады і рэкамендацыі лекараў: як самастойна дыягнаставаць хваробу ў няволі, якія ёсць правілы прафілактыкі хваробаў, рэцэпты "лекаў" сваімі рукамі. З дапамогай былых палітвязняў і экспертаў мы будзем распавядаць, якія карысныя рэчывы неабходныя чалавеку і дзе іх знайсці ва ўмовах турмы. Гэта пачатак збору і далей база парадаў будзе пашырацца.
Мы шукаем кантакты лекараў розных профіляў. Калі гэта вы, звяжыцеся з намі праз тэлеграм-канал нашай Інфармацыйнай службы @Viasnainfo. Па жаданні мы захаваем вашую ананімнасць.
Калі вы былы зняволены і гатовыя распавесці пра актуальныя праблемы меддапамогі ў турмах, пра тое, якія спосабы самалекавання прымянялі, таксама напішыце нам у тэлеграме.
Ці ўсе спосабы самалекавання карысныя?
Праваабаронцы "Вясны" апыталі былых палітвязняў з розных пенітэнцыярных установаў пра стан медычнай дапамогі, магчымасць дыягностыкі і лекавання як лёгкіх так і цяжкіх хранічных хваробаў, доступ да якаснага харчавання. Пасля кансультацыі з лекарамі выявілася, што некаторыя былыя вязні прапаноўвалі не зусім бяспечныя і памылковыя крыніцы вітамінаў і мінералаў ці спосабы лекавання. Таму паўстала ідэя сабраць прафесійныя парады і рэкамендацыі ад лекараў розных профіляў, каб падтрымліваць і захоўваць здароўе ў турмах і не нашкодзіць сабе неправеранымі “народнымі” спосабамі лекавання.
Юрыст "Вясны" Павел Сапелка распавёў, як паўстала ідэя кампаніі, ці сапраўды магчыма захаваць здароўе ў сённяшніх турэмных умовах і якая сітуацыя была з турэмнай аховай здароўя да 2020 года.
– Цяперашняя сітуацыя з правам на здароўе ў беларускіх турмах ёсць наступствам палітычнага крызісу (гэта тэндэнцыя апошніх гадоў) ці такі жахлівы стан меддапамогі ў месцах зняволення быў і да 2020 года?
– Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі – гэта спадчыннік ГУЛАГа, таму мянялася абсталяванне (часта дзякуючы дапамозе міжнародных арганізацый, дарэчы), мянялася грамадства вакол калоній і турмаў, але сур'ёзных сістэмных зменаў у турэмнай сістэме так і не наступіла. Нягледзячы на ціск праваабаронцаў і міжнародных інстытутаў, сітуацыя ў турэмнай медыцыне была сумнай і да 2020 года. Чаго варты адзін толькі факт адсутнасці сапраўднай турэмнай бальніцы з 2011 года - больш за 13 гадоў! Праваабаронцы рэгулярна атрымлівалі звесткі аб смерцях, звязаных з недахопам медыцынскай дапамогі ў СІЗА: гісторыі Ігара Пцічкіна, Ігара Барбашынскага, Алега Багданава былі перададзены міжнародным арганізацыям, шырокая агалоска пацягнула некаторыя змены ў пенітэнцыярнай медыцыне.
Асноўныя адрозненні сённяшняй сітуацыі ад той, што была да 2020 года, наступныя: усе праваабарончыя арганізацыі, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў гэтых працэсах, абвешчаныя ўладамі па-за законам і выцесненыя з Беларусі; з'явілася паўтары тысячы палітвязняў, многія з якіх свядома змяшчаюцца ва ўмовы, якія пагражаюць іх жыццю і здароўю; сістэма рэагавання на скаргі зняволеных, іх прадстаўнікоў і родных канчаткова дэградавала. Апошні фактар спараджае поўную беспакаранасць, гэта стала магчымым на фоне агульнай запалоханасці беларусаў у краіне, канчатковага і безумоўнага адыходу следчых органаў і пракуратуры ад прынцыпаў законнасці.
-– Як у вас з’вілася ідэя збору медычных парадаў і рэкамендацый для палітвязняў? Гэта якраз спроба адказаць на новы выклік?
-– Гэта тое нешматлікае, што можа дапамагчы палітвязням проста цяпер, што не пацягне для іх негатыўных наступстваў: улады шмат у чым скарацілі прастору і магчымасці для нашай адкрытай дапамогі і салідарнасці. Мы вымушаныя ўстрымлівацца ад шырокай медыйнай падтрымкі многіх канкрэтных палітвязняў, таму што гэта цягне дадатковыя рэпрэсіі ў дачыненні да іх; многія формы матэрыяльнай падтрымкі таксама крыміналізаваны і могуць стаць прычынай пераследу салідарных людзей. Нарэшце, намаганні па вызваленні палітвязняў пакуль не даюць выніку, і для многіх з іх пратрымацца ў зняволенні, захаваць сябе - гэта першарадна важная праблема.
-– Некаторыя з лекараў у адказ на нашае апытанне "Як захаваць здароўе ў зняволенні" катэгарычна адказалі: "Ніяк". Каб захаваць здароўе, адзінае, што дапаможа, гэта пазбавіцца самой прычыны – турэмнага зняволення, адказалі яны. Але шмат якім палітвязням прызначылі вялікія тэрміны і спадзявацца на хуткае вызваленне не выпадае. На вашую думку, ці сапраўды магчыма цяпер захаваць здароўе ў беларускіх турмах?
-– Гэтыя людзі павінны быць вызвалены і рэабілітаваны. Іншых правільных варыянтаў тут няма. Што тычыцца таго, ці будзе карысць ад тых парад, якія мы збярэм, гэта дакладна церпіць кампрамісы: калі немагчыма вырашыць праблему цалкам, то варта паспрабаваць шляхі зніжэння шкоднага ўздзеяння зняволення на чалавека. Той факт, што ў 21 стагоддзі мы вучым людзей – зняволеных і іх блізкіх нейкім прыёмам самадапамогі, разбіраемся ў карысных і шкодных парадах – гэта цывілізацыйна ненармальна, але гэта наша рэчаіснасць. Для нас каштоўныя кожны і кожная, таму мы не апусцім рукі – і будзем соты раз расказваць свету аб крытычнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, аб тысячах асуджаных, дамагаючыся ціску на рэжым з мэтай іх вызвалення. Будзем шукаць і знаходзіць сродкі для падтрымкі і рэабілітацыі гэтых людзей. Гэта доўгі шлях, яго такім зрабілі ўпартае супраціўленне рэжыма Лукашэнкі волі народа пры падтрымцы ад такога ж злачыннага рэжыму на ўсходзе.
-– Якія, на вашую думку, фактары права на здароўе палітвязень можа рэальна змяніць у зняволенні? Напрыклад, наўрадці ён ці яны зможа змяніць умовы працы ці значна палепшыць санітарныя ўмовы.
-– На гэтым этапе мы хочам зрабіць акцэнт на тых парадах, якія не ляжаць у юрыдычнай плоскасці (хоць нашы юрысты па-ранейшаму гатовы кансультаваць у гэтым напрамку, прапаноўваць дапамогу ў складанні скаргаў і іншых зваротаў у сувязі з неаказаннем эфектыўнай медыцынскай дапамогі або парушэннем санітарных правілаў ці правілаў аховы працы). Яны хутчэй у вобласці самадапамогі, заснаванай на медыцынскім досведзе і ведах.
-– Для каго гэтыя парады накіраваныя ў першую чаргу? Як палітвязні змогуць атрымаць іх, знаходзячыся ў зняволенні?
-– У выніку гэта будуць парады для зняволеных, іх родных і блізкіх, а таксама для тых, хто можа апынуцца ў зняволенні, і тых, хто вызваліўся.
"Сітуацыя мяжуе з узроўнем злачынства". Павел Сапелка — пра турэмную ахову здароўя
"Вясна" публікуе першасныя парады і рэкамендацыі на падствае праблемаў і пытанняў, агучаных былымі палітвязнямі. Разам з парадамі мы раім ў выпадку захворванняў намагацца патрапіць да турэмных лекараў, хаця са сведчанняў былых вязняў нам вядома, што часта гэта амаль немагчыма.
Косткі і шкарлупа як крыніца кальцыя. Харчаванне
Як кажуць шматлікія экс-палітвязні, у месцах пазбаўлення волі харчаванне вельмі дрэннай якасці. Акрамя таго, што яно нясмачнае і не прыносіць задавальнення, у ім мала вітамінаў, мінералаў і іншых карысных рэчываў. Так, некаторыя былыя вязні раяць ужываць у зняволенні косткі рыб і тлачоную шкарлупу ад яек у якасці дадатковай крыніцы кальцыю.
Парады і рэкамендацыі лекара
Есці косткі рыб не рэкамендуецца (акрамя рыбных кансерваў, косткі ў якіх мяккія і бяспечныя). Яны могуць пашкодзіць сценкі страўнікава-кішачнага тракту. Гэта можа выклікаць сэпсіс (небяспечны для жыцця стан, выкліканы вострай рэакцыяй імуннай сістэмы арганізма на інфекцыю) і значна больш цяжкія наступствы, аж да смерці.
Акрамя фізічнага пашкоджання, косткі могуць не мець належнай тэрмічнай апрацоўкі і несці ў сабе хваробы і інфекцыі. Косткі рыб патэнцыйна могуць быць крыніцай бялковай субстанцыі і харчавання. Але іх ужыванне можа прывесці да дрэнных наступстваў.
У яечным шкарлупінні ёсць кальцый, але ён не будзе засвойвацца сам па сабе. Для яго засваення кальцый трэба прыймаць разам з вітамінамі K і D. Першы – гэта ўся ежа зялёнага колеру (гародніна і зеляніна). D – гэта розныя тлушчавыя субстанцыі, рыбін тлушч і інш.
Разжоўваць і глытаць шкарлупінне таксама вельмі небяспечна для страўнікава-кішачнага тракту. Дробныя кавалкі шкарлупы могуць траўмаваць сценкі страўніка і выклікаць гастрыт, гастраэнтэрыт і інш. Толькі дробна-дысперсны парашок будзе больш-менш бяспечны.
Звычайныя мел ці якія-небудзь пакрыцці на сценах таксама могуц быць небяспечнымі, бо туды дадаюць хімікаты. Добрай крыніцай кальцыя з’яўляюцца кісла-малочныя прадукты, якія можа быць цяжка атрымаць у турэмных умовах.
А ў гэтых прадуктах шмат кальцыя?
Калі арыентавацца на асобаў, пазбаўленых волі і доступу ім гэтых прадуктаў, то можна параіць: арэхі і сухафрукты (мак, кунжут, насенне сланечніка, міндаль, інжыр); рыбныя кансервы (у касцях рыб вялікае ўтрыманне кальцыя і ў кансервах, якія мяккія і ядомыя); халва; сухое малако; жэлацін.
Хваробы скуры
Кароста, алергія, грыбок
Нядаўна былы палітвязень Вадзім Хіжнякоў распавёў пра наступствы алергіі на цвіль у турэмнай камеры. Яму своечасова не аказалі меддапамогу, праз што вязень страчваў прытомнасць.
Як самастойна адрозніць каросту, алергічныя пачырваненні, неалергічны дэрматыт, грыбок? Ад чаго яшчэ можа свярбець скура? Якія мінімальныя захады пры абмежаваных сродках магчыма прыняць самастойна, "лекі" свамі рукамі? А як лекаваць? Што дакладна нельга рабіць пры каросце (Кароста – гэта паразітарная хвароба, выкліканая кляшчамі. Яны пранікаюць у скуру і адкладаюць там яйкі, выклікаючы моцнае свярбенне і сып) і іншага кшталту свярбенні скуры?
Парады і рэкамендацыі лекара
Ніжэй пададзены апісанні хваробаў і спосабы іх лекавання
Атапічны дэрматыт. Асноўная прычына: алерген. З'яўленне чырвонага ўчастку, які свярбіць. Часта мае перыяды абвастрэння і рэмісій (часам з'яўляецца, потым знікае). Часцей назіраецца ў людзей якія маюць захворванні з алергічным кампанентам: бранхіяльную астму, алергічны рыніт). Часцей адбываецца паражэнне згінальных зон запясцяў і ладыжак, а таксама локцевага сустава і падкаленнай ямкі.
Кантактны дэрматыт. Асноўная прычына: алерген. Чырвоны сып, які свярбіць, могуць быць бурбалкі, выкліканыя прамым кантактам скуры з якім-небудзь рэчывам. Размешчаны ў месцы кантакту з алергенам. З'яўляецца праз 2-7 дзён ад уздзеяння.
Кароста. Асноўная прычына: клешч. Участкі пачырванення, якія чэшуцца, часцей з'яўляюцца паміж пальцамі, на згінальных паверхнях суставаў. Свярбенне часта бывае моцным і ўзмацняецца ноччу. На фоне гэтых участкаў могуць быць чырванавата-карычневыя лініі або хады.
Герпес. Асноўная прычына: вірус герпесу. Высыпанні ў выглядзе бурбалак, гушчару ў паяснічна-крыжовай вобласці, у вобласці хрыбетніка, локцяў ці каленаў.
Дэрматафіты (грыбковыя паразы скуры). Асноўная прычына: грыбок. Лакалізаваны сверб і сып, якія характарызуюцца перыферычным лушчэннем. Можа быць у некалькіх абласцях: ступні, скура галавы, тулава і пахвіна.
Себарэйны дэрматыт. Асноўная прычына: парушэнне гігіены, закаркаванне пораў тлушчавымі вылучэннямі, размнажэнне бактэрый. Гнойныя высыпанні на скуры, размешчаны часцей у вобласці твару, спіны і грудзей.
Асноўны прынцып лячэння – гэта ўздзеянне на прычыну. Калі прычына алергічнага характару – па магчымасці прыбраць гэты алерген і іншыя патэнцыйныя алергены. Калі інфекцыйная прычына – уздзеянне на ўзбуджальніка: кароста – антыпаразітарнае лекаванне; Герпес – антыгерпетычныя прэпараты і ўзмацненне імунітэту (імунастымулятары, вітаміны); грыбковыя паразы скуры – спецыяльныя супрацьгрыбковыя мазі і ўзмацненне імунітэту. Пры гэтым не рэкамендуецца мыць пашкоджаныя месцы для прадухілення распаўсюджвання інфекцыйных агентаў далей на скуру. Себарэйны дэрматыт – наадварот, у першую чаргу ў лячэнні гэта штодзённае мыццё пашкоджаных участкаў. Пры значных паразах – медыкаментознае лячэнне.
Асноўныя правілы для змяншэння верагоднасці заражэння скурнымі захворваннямі:
- асабістая гігіена (праваабаронцам вядома, што цяпер у шмат якіх пенітэнцыярных установах амаль немагчыма выконваць правілы гігіены);
- карыстанне індывідуальнымі сродкамі асабістай гігіены;
- карыстанне асабістым адзеннем, абуткам, пасцельнай бялізнай;
- хаджэнне ў душы і па падлозе па магчымасці толькі ў асабістых тапках (сланцах);
- Перыядычнае мыццё і пастаянная добрая прасушка абутку.
Абапрэласці і дробныя раны на скуры, якія не загойваюцца
Як распавёў адзін з былых палітвязняў, падчас працы і на шыхтаванні ў калоніі ў зімовы перыяд вязні сутыкаюцца з такой праблемай, як абмарожаныя рукі. Праз гэтай на руках з'яўляюцца дробныя раны, якія не загойваюцца. А турэмныя лекары з гэтым не дапамагаюць.
Парады і рэкамендацыі лекара
Першая дапамога пры ранах:
- прыбраць з раны вялікія іншародныя прадметы (выцягнуць рукамі, прамыць праточнай вадой);
- апрацаваць антысептыкам калі ёсць (ёд, перакіс, хлоргексідын);
- калі няма антысептыку - прамыць праточнай вадой, памыць з мылам;
- какласці сухую чыстую (стэрыльную пажадана) павязку або заляпіць пластырам.
Прыкметы ўскладнення гаення раны (запалення раны):
- загнаенне краёў раны;
- пачырваненне скуры вакол раны;
- павелічэнне ацёку мяккіх тканін вакол раны;
- вылучэнне гною з раны;
- дрэннае самаадчуванне (падвышэнне тэмпературы, недамаганне, дрыжыкі);
Дапамога пры нагнаенні раны:
- калі няма магчымасці звароту па медыцынскую дапамогу, то мінімум, штодзённае прамыванне з мылам і накладанне чыстай сухой бінтавай павязкі (трэба дапамагаць пазбавіць рану ад гною, забруджванняў і мёртвых тканін)
- паспрабаваць атрымаць атыбіётыкатэрапію.
У калонію адпраўляюць нават з інсультам
Палітзняоленага вясельнага фатографа Дзмітрыя Сончыка затрымалі летам 2021 года за інтэрнэт-каментары ў бок міліцыянтаў. Яму прызначылі тры гады калоніі. У зняволенні ў Дзмітрыя здарыўся інфаркт, а затым інсульт. Да гэтага ў яго не было праблемаў са здароўем. Каля месяца ён прабыў у гарадской бальніцы. У выніку палітвязень набыў інваліднасць, але нягледзячы на гэта яму не задаволілі апеляцыйную скаргу і перавялі ў калонію.
Парады і рэкамендацыі лекара
Першыя прыкметы якія можна заўважыць самастойна:
- асіметрыя твару (пры ўсмешцы адзін кут рота аказваецца менш "усміхнутым"; размешчаны ніжэй, па адной з бакоў апусканне кута вока, кута рота);
- парушэнне маўлення (мова становіцца затарможаная, невыразная і інш.);
- пры рухах канцавінамі па адным з бакоў адчуваецца слабасць (чалавек паднімае рукі дагары, а адну з іх не можа; падчас хады спатыкаецца на адну нагу, адчувае як не сваю);
- пры інсульце язык будзе западаць на адзін бок;
- здранцвенне участкаў цела, галаўны боль, дваенне ў вачах, парушэнне каардынацыі руху.
Што рабіць нельга
Калі чалавек ў непрытомнасці, спрабаваць яго пасадзіць, паставіць; нельга яго трэсці; нельга даваць лекі, якія паніжаюць артэрыяльны ціск, не ведаючы гэтага ціску.
Першая дапамога:
- забяспечыць бяспечную зручную магчымасць ляжаць (калі сядзіць, пакласці, калі ляжыць, то прыбраць лішнія прадметы) - падкласці на бок, каб не запаў язык і чалавек не захлынуўся;
- хутка звярнуцца па медычную дапамогу (у чалавека ёсць 3-6 гадзін да фармавання незваротных зменаў у галаўным мозгу).
Як дапамагчы падчас прыступу эпілепсіі
Праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі палітвязняў, нягледзячы на захворанне эпілепсіяй, адпраўляюць у калоніі. Так адбылося з палітвязнем з эпілепсіяй Мікітам Залатаровым, якога асудзілі на чатыры з паловай гады турмы строгага рэжыму за ўдзел у пратэстах 2020 года. Кожны з нас можа стаць сведкам эпілептычнага прыступу, таму важна ведаць, што рабіць у такім выпадку.
Парады і рэкамендацыі лекара
Асноўная прыкмета эпілепсіі - чалавек без значных прычынаў выключаецца, ён падае і ў яго пачынаюцца курчы.
Першая дапамога:
- Не перамяшчаць. Перамясціць толькі калі чалавек з эпілепсіяй знаходзіцца ў небяспечным становішчы, якое можа прывесці да траўмы;
- зрабіць бяспечным месца, дзе знаходзіцца чалавек у прыступе эпілепсіі, прыбраць усё што можа прывесці да яго траўмы;
- пакласці пад галаву мяккую падкладку (падушка, адзенне), каб змякчыць ўдары аб падлогу;
- прыслабіць каўнер, разшпіліць верх адзення;
- пасля заканчэння прыступу асцярожна перагарнуць на бок (каб ачысціць дыхальныя шляхі і паскорыць адток сліны);
- упэўніцца, што чалавек дыхае вольна і без перашкодаў;
- даць адпачыць, пакінуць яго ў спакоі.
Чалавеку з прыступам эпілепсіі патрэбна дапамога калі:
- прыступ доўжыцца даўжэй за 5 хвілін. Гэта можа прывесці да смерці;
- ідзе чарада прыступаў. Пасля першага адразу пачынаецца наступны. Таксама можа прывесці да смерці;
- калі пасля прыступу не вяртаецца звычайнае дыханне ці прытомнасць;
- калі ў чалавека пасля прыступу высокая тэмпература;
- калі чалавек атрымаў пашкоджанні.
Нельга. Падчас прыступу не трэба сунуць свае пальцы ці староннія прадметы (лыжку, палку) у рот чалавеку з прыступам, не трэба яму расціскаць зубы.
Ціск (падвышаны і заніжаны)
Паводле расповедаў былых палітвязняў, у калоніі не дазваляюць мець пры сабе танометр. Прымаючы лекі ад ціску можна "не патрапіць у дозу" – прыняць большую ці меншую дозу лекаў. Што рабіць у падобным выпадку?
Адным з прызнакаў паніжанага ціску можа быць страта прытомнасці. Так, праваабаронца Марфа Рабкова, асуджанаяна 14 гадоў і 9 месяцаў калоніі, як мінімум двойчы страчвала прытомнаць у СІЗА-1. Якія прызнакі сведчаць аб моцным падвышэнні і паніжэнні ціску, калі неабходна тэрмінова прымаць лекі?
Парады і рэкамендацыі лекара
Асноўныя прыкметы падвышанага артэрыяльнага ціску:
- галаўны боль, які “распірае” або “цісне” у лобнай або патылічнай вобласці;
- можа быць пульсуючы галаўны боль;
- можа быць галавакружэнне;
- млоснасць, ванітаванне;
- магчымы крывацёк з носу;
- магчымае парушэнне зроку.
Пры рэзкім павышэнні артэрыяльнага ціску:
- стварыць чалавеку спакой, зручную абстаноўку;
- глыбока дыхаць;
- выпіць гарбату з цукрам (не моцную);
- зрабіць гарачую ванначку для ног або рук;
- памасіраваць шыю і галаву;
- Калі ёсць магчымасць, выпіць таблеткі, якія абніжаюць ціск.
Ва ўмовах адсутнасці змены ціску рэкамендацыя лекара – людзям, у якіх ёсць дыягназ артэрыяльнай гіпертэнзіі і якія да пазбаўлення волі прымалі гіпатэнзіўныя прэпараты, працягваць прыём гэтых лекаў і ў месцах пазбаўлення волі. Пры адчуванні вышэйпаказаных прыкметаў нязначан падвысіць дозу (аднаразова), потым працягваць дазаванне ў звыклым рэжыме.
Калі нават у гіпертоніка маюцца прыкметы інсульту - то ні ў якім разе не зніжаць лекамі ціску без яго папярэдняга вымярэння і медыцынскага кантролю. Бо такім чынам можна пагоршыць стан хворага.
Прыкметы паніжанага артэрыяльнага ціску:
- слабасць;
- галавакружэнне;
- млоснасць, магчымае ванітаванне;
- магчымая страта прытомнасці;
- бледнасць скуры;
- запаволенне або пачашчэнне сэрцабіцця.
Першая дапамога пры зніжаным ціску:
- пакласці пацярпелага на спіну і падняць яго ногі вышэй за ўзровень сэрца, каб палепшыць кроваток у мозг;
- вызваліць дыхальныя шляхі і пераканацца, што пацярпелы дыхае. Расшпіліць каўнер і верх адзення.
Ці вядзе даўняя турэмная традыцыя да парадантозу?
Як распавёў былы палітвязень, у калоніі існуе даўняя традыцыя сумеснага распіцця з аднаго кубка моцнай гарбаты (чыфір). Падчас распіцця вязні нібы заражаліся парадантозам (хранічная неінфекцыйная хвароба тканак вакол зубоў, у народзе крывацёк дзёснаў). Ці магчыма насамрэч заразіцца гэтай хваробай падобным чынам?
Парады і рэкамендацыі лекара
Не. Ён не перадаецца паветрана-кропельным, аральным ці кантактным шляхам. Па сутнасці гэта парушэнне харчавання тканін вакол зубаў. Але для яго развіцця мала проста "атрымаць агрэсіўныя бактэрыі", трэба, каб супала яшчэ некалькі фактараў, сярод якіх і генетычная схільнасць да парадантозу. Дыета і гігіена безумоўна ўплываюць, але для паўнавартаснага развіцця хваробы толькі гэтых фактараў мала.
Два месяцы спаў на падлозе і застудзіў ныркі. Піеланефрыт
Нямала былых палітвязняў распавядаюць, што вымушана спалі на бетоннай халоднай падлозе (камера была перапоўнена і не было спальнага месца ў камеры або адміністрацыя забараняла спаць на ложках), пасля чаго застуджвалі ныркі ці іншыя ўнутраныя органы. Так, былы палітвязень Канстанцін Міхальцоў захварэў на піеланефрыт у рэчыцкім ІЧУ праз тое, што адміністрацыя ізалятара забараняла яму спаць на ложку.
Якія прызнакі на гэта адразу ўказваюць і ці можна самастойна прыняць пэўныя захады ў адсутнасць лекаў? Ці можна саграваць застуджаныя ныркі?
Парады і рэкамендацыі лекара
Лакальнае астуджэнне спрыяе зніжэнню абменных працэсаў у месцы кантакту цела з холадам і ў тым ліку зніжае імунітэт, што можа выклікаць развіццё інфекцыі і запалення. Менавіта таму - лежачы на халоднай падлозе можна "застудзіць ныркі". Каб гэтага пазбегнуць неабходна падкладаць адзенне, абутак,любыя зручныя прадметы, каб не кантактаваць ўшчыльную з халоднай паверхняй.
"Застудзіць ныркі" – народны выраз, у медыцыне гэта значыць захварэць запаленнем нырак. Адно з самых распаўсюджаных – піеланефрыт.
Асноўныя першыя праявы піеланефрыту:
- тупы ныючы боль апаясвальнага характару ў той частцы спіны, якая была ў золадзе або ўнізе спіны;
- падвышэнне тэмпературы цела;
- агульная інтаксікацыя: дрыжыкі, ламота ў целе, млоснасць, ваніты, магчымы боль у жываце.
Болем у баку ці спіне можа выяўляцца і мачакаменная хвароба. Асноўнае адрозненне паміж імі – адсутнасць прыкмет запалення (тэмпературы і інтаксікацыі), але і гэта пры ўмове, што мачакаменная хвароба не абцяжараная піеланефрытам. У апошнім выпадку (калі мачакаменная хвароба спалучаная з піеланефрытам), іх можна адрозніць толькі пры медычным абследаванні з правядзеннем УГД і рэнтгенаграфіі і выяўленнем камянёў у нырках.
Першая дапамога пры піеланефрыце:
- пасцельны рэжым, памяншэнне нагрузкі, каб не перагружаць сардэчна-сасудыстую сістэму, якая і так пакутуе ад інтаксікацыі;
- трэба любым спосабам звярнуцца па медыцынскую дапамогу, бо піеланефрыт патрабуе сур'ёзнага лячэння: атыбактэрыяльнай і супрацьзапаленчай тэрапіі.
Пры ігнараванні праяў піеланефрыту ён можа прывесці да развіцця нырачнай недастатковасці і страты ныркі (замяшчэнню ныркі злучальнай тканінай і яе зморшчвання).
Як праверыць, ці не страціў чалавек дыханне
Праз несвоечасовае аказанне медычнай дапамогі ў месцах зняволення праваабаронцам вядома пра як мінімум шэсць смерцяў палітвязняў. Улічваючы гэтыя абставіны навык аператыўна спраўджваць наяўвансць дыхання становіцца даволі актуальным.
Спосабы вызначэння дыхання:
- нахіліцца і паслухаць вухам, адчуць дыханне скурай асобы;
- паднесці нешта лёгкае (тонкую паперку, пярынку), што мусіць варушыцца пры наяўнасці дыхання;
- паднесці да рота люстэрка. Пры наяўнасці дыхання яно мусіць запацеваць;
Спосаб вызначэння сэрцабіцця:
- прыкласці вуха да левай паловы грудной клеткі;
- магчыма таксама пашукаць пульс на бакавой паверхні шыі ці на прамянёвых артэрыях (у вобласці запясцяў з боку вялікага пальца) - але пульса можа не быць па шматлікіх чынніках, таму лепш на гэта не арыентавацца.
Мы шукаем кантакты лекараў розных профіляў. Калі гэта вы, звяжыцеся з намі праз тэлеграм-канал нашай Інфармацыйнай службы @Viasnainfo. Па жаданні мы захаваем вашую ананімнасць.
Калі вы былы зняволены і гатовыя распавесці пра актуальныя праблемы меддапамогі ў турмах, пра тое, якія спосабы самалекавання прымянялі, таксама напішыце нам у тэлеграме.
"Ім было забаронена пісаць і казаць пра грып". Як родным даведвацца пра стан здароўя палітвязня