"Вясна" звярнулася ў Працоўную групу па адвольных затрыманнях з нагоды пагаршэння здароўя Паўла Кучынскага
Юрысты праваабарончага цэнтра "Вясна", занепакоеныя станам здароўя палітзняволенага Паўла Кучынскага, падрыхтавалі і накіравалі зварот у Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях. Раней быў пададзены зварот Cпецдакладчыкам ААН. На падставе гэтага звароту Спецдакладчыкі напрыканцы траўня звярнуліся з лістом да беларускай дзяржавы па сітуацыі з пагаршэннем здароўя палітвязня, аднак адказу дагэтуль не атрымалі.
На фоне навін аб магчымым вызваленні цяжкахворых палітвязняў праваабаронцы спадзяваліся, што ў лік памілаваных і амніставаных патрапіць і Кучынскі. На жаль, Павел працягвае знаходзіцца ў зняволенні. З яго 4 стадыяй рака перажыць 4 гады і 9 месяцаў у калоніі шанцаў у яго мала.
Палітзняволены маладзечанец Павел Кучынскі мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Нягледзячы на анказахворванне, яго ўтрымліваюць у зняволенні больш за два гады. У чэрвені 2022 года яго асудзілі да пяці гадоў калоніі, а па выніках апеляцыі паменшылі прысуд толькі на тры месяцы. Пры гэтым замена пакарання, на не звязанае з пазбаўленнем волі, судом не разглядалася. Замест калоніі Паўла накіравалі ў рэспубліканскую агульнасаматычнаю лякарню ў Калядзічах, дзе палітвязень цяпер праходзіць лячэнне, якое яму не дапамагае, таму хвароба прагрэсуе.
Спецдакладчыкі ААН звярнуліся да Беларусі з запытам аб сітуацыі са здароўем Паўла Кучынскага
"Пазбаўленне волі несумяшчальна з цяжкім станам здароўя Паўла"
У звароце ў Працоўную групу па адвольных затрыманнях юрысты прыводзяць аргументы аб тым, што што арышт і далейшае пазбаўленне волі Паўла Кучынскага з'яўляюцца адвольнымі і незаконнымі.
“Пазбаўленне волі Кучынскага відавочна не можа быць апраўдана на якой-небудзь прававой падставе, паколькі, па-першае, абвінавачванне грунтуецца на расплывістых і празмерна шырокіх палажэннях, такіх як "абраза" і "пагроза". Па-другое, доўгае ўтрыманне пад вартай да суда парушае права затрыманага неадкладна паўстаць перад судом, па-трэцяе, утрыманне пад вартай да суда і пакаранне ў выглядзе 4 гадоў і 9 месяцаў пазбаўлення волі не маюць пад сабой законнай асновы і дастатковых падстаў. Апроч таго, пазбаўленне волі з'яўляецца бесчалавечным абыходжаннем, паколькі несумяшчальна з цяжкім станам здароўя Паўла,” – аргументуе зварот юрыстка “Вясны” Святлана Галаўнева.
Юрыстка перакананая, што пазбаўленне волі з'яўляецца вынікам ажыццяўлення Паўлам права на свабоднае выказванне меркавання – ён падвяргаецца незаконнаму і несуразмернаму пераследу за публічнае выказванне крытыкі і негатыўных ацэнак дзеючых уладаў Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі.
“У дадзенай справе былі парушаныя міжнародныя нормы, якія тычацца права на справядлівае судовае разбіральніцтва, а менавіта – права затрыманага неадкладна паўстаць перад судом і права на публічнае судовае разбіральніцтва. А пазбаўленне волі Кучынскага за крытыку і негатыўныя выказванні ў дачыненні да чыноўнікаў з'яўляецца дыскрымінацыяй па прыкмеце грамадзянскай і палітычнай актыўнасці”, – каметуе юрыстка.
"Можа быць, яму трэба было з’ехаць, але ён лячыўся і нікуды не паехаў"
Паўлу Кучынску неўзабаве споўніцца 30 год. Пасля вучобы на факультэце радыётэхнікі і нанатэхналогій БДУІРа, працаваў у Маладзечне, затым перавёўся ў Мінск на прадпрыемства “Інтэграл”, служыў у войску.
Павел – каталіцкі вернік. Разам з сястрой яны ўвесь час хадзілі на імшу ў маладзечанскі касцёл. Таксама ён захапляўся музыкай, скончыў музычную школу па класе фартэпіяна.
Ягоная сястра Яна ў адным з інтэрв’ю вельмі цёпла ўзгадвае брата:
“Пасля ўніверсітэта пачаў адразу працаваць. Пакуль жыў у Маладзечне, нешта атрымліваў, ды хутка ўсё адно перавёўся. Апошнія пару гадоў ён быў дома, з сям’ёй — дакладней, жыў у бабулі з дзядулем. Бываў у цёткі — у сястры нашага бацькі, — дапамагаў даглядаць яе сына. Калі яна хадзіла ў касцёл, сына пакідала на Пашу, таму што больш няма на каго: яе старэйшыя дзеці за мяжой.
У касцёл ён таксама хадзіў. Ездзіў на дзядулевай машыне, таму што дзядуля па стане здароўя ўжо не можа вадзіць, дык Паша падвозіў нас з малымі — у школу, да касцёла, яшчэ некуды. Маме таксама дапамагаў...
Першы раз яго забралі на «размову» восенню, за пару месяцаў да затрымання. Адразу ж тады ў цёткі забралі яго ноўтбук. Можа быць, яму трэба было з’ехаць, але ён лячыўся і нікуды не паехаў. Я не ведаю, пра што з ім размаўлялі, бо Паша падпісваў паперку аб неразгалошванні, але сам факт, што выклікалі, ён хаваць не стаў. З таго часу ён дома і не з’яўляўся”.
У анкахворага палітвязня прагрэсуе хвароба. Ён праходзіць курсы хіміятэрапіі ў турэмнай лякарні