viasna on patreon

Камітэт ААН прызнаў парушэнні правоў беларускай дзяржавай адразу 13-ці чалавек

2024 2024-08-15T09:24:20+0300 2024-08-15T09:35:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nezalezny-prafsajuz.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сцяг Беларускага незалежнага прафсаюза на мітынгу. Фота з сацыяльных сетак.

Сцяг Беларускага незалежнага прафсаюза на мітынгу. Фота з сацыяльных сетак.

Камітэт па правах чалавека ААН 17 ліпеня 2024 года на сваёй чарговай сесіі прыняў рашэнне адносна 21-га паведамлення, прадстаўленага 13-ю грамадзянамі і грамадзянкамі Рэспублікі Беларусь на разгляд згодна з Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Скаргі былі падрыхтаваныя як самімі пацярпелымі, гэтак і іх прадстаўнікамі – беларускімі праваабаронцамі – яшчэ да таго, як дэнансацыя беларускай дзяржавай Факультатыўнага пратакола набыла моц 8 лютага 2024 года. Адно з рашэнняў прынята па паведамленні № 3826/2020, прадстаўленага праваабаронцам Алегам Мацкевічам ад імя грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Аляксандра Абрамовіча.

Усе разгледжаныя паведамленні тычацца парушэння беларускай дзяржавай права грамадзян на правядзенне мірных сходаў і свабоду меркаванняў. Скаргі былі накіраваныя ў КПЧ са спасылкай на артыкулы 2, 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах

"У адпаведнасці з правіламі працэдуры і практыкай Камітэт пастанавіў аб’яднаць усе паведамленні для сумеснага рашэння. Гэткія рашэнні могуць прымацца ў спрошчаным фармаце і тычацца скаргаў, якія аб’ядноўваюцца падобнымі фактамі і прэтэнзіямі, і для каторых КПЧ распрацаваў паслядоўную методыку разгляду", – тлумачыць форму прынятага рашэння Алег Мацкевіч. 

На што беларусы і беларускі падавалі зварот у КПЧ?

Згодна з атрыманымі КПЧ звесткамі ў перыяд з 2016 па 2020 гады аўтары і аўтаракі паведамленняў удзельнічалі або публічна заклікалі да ўдзелу ў несанкцыянаваных мірных акцыях пратэсту ў розных гарадах Беларусі. Пасля ўсе яны былі затрыманыя міліцыяй і абвінавачаныя ў парушэнні арт. 23.34 КаАП, які прадугледжваў (мінулы КаАП дзейнічаў з 01.03.2007 па 01.03.2021 года) адказнасць за парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

Аўтараў аштрафавалі і арыштавалі тэрмінам ад пяці да 10 суткаў. Скаргі, пададзеныя на пастановы судоў першай інстанцыі, вынікаў не прынеслі.

"Наглядныя скаргі нікім не падаваліся з прычыны неэфектыўнасці гэтага сродку прававой абароны, на што заяўнікі ўказалі ў сваіх паведамленнях Камітэту па правах чалавека ААН", – кажа праваабаронца.

Як распавядае Алег Мацкевіч, у камунікацыі з КПЧ Рэспубліка Беларусь абвергла абгрунтаванасць пададзеных паведамленняў, спасылаючыся на нормы Канстытуцыі і заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Таксама яна запярэчыла сцверджанню аўтараў аб немагчымасці эфектыўна абараніць парушаныя правы праз выкарыстанне механізму падачы наглядных скаргаў, але, як вынікае з тэксту рашэнняў, ніякім чынам не падмацавала свае заўвагі канкрэтнымі фактамі.

Якое рашэнне прыняў Камітэт?

Перад вынясеннем рашэнняў па скаргах Камітэт разгледзеў пытанне іх прымальнасці. КПЧ адзначыў, што згодна з яго практыкай наглядная скарга, пададзеная старшыні суда або пракурору, прадстаўляе сабой надзвычайны сродак прававой абароны, таму дзяржава павінна даказаць, што існуе разумная перспектыва таго, што такі механізм з’яўляецца эфектыўным сродкам прававой абароны. У адсутнасць новай інфармацыі ад дзяржавы, якая дазволіла б Камітэту прыйсці да іншай высновы ў параўнанні з яго мінулай практыкай, ён лічыць, што аўтары вычарпалі ўсе даступныя эфектыўныя сродкі ўнутранай прававой абароны і няма перашкодаў для разгляду паведамленняў па сутнасці.

Між тым, Камітэт прызнаў непрымальнасць тых частак паведамленняў, дзе сцвярджалася аб парушэнні Рэспублікай Беларусь арт. 2 (2,3) МПГПП. Прычынамі гэтага была названа адсутнасць дадатковай інфармацыі па справе і тое, што разгляд паведамленняў аб парушэнні правоў у адпаведнасці з арт. 19 і 21 МПГПП павінны адбывацца асобна без прывязкі да парушэння агульных абавязкаў дзяржавы ў адпаведнасці з арт. 2 Пакта.

Па выніках разгляду паведамленняў Камітэт адзначыў, што ўжо неаднаразова раней устанаўліваў парушэнне дзяржавай Беларусь правоў, прадугледжаных арт. 19 і 21 Пакта, раней пры аналагічных абставінах і адносна тых жа самых законаў і практыкі. У кантэксце або ў прававых патрабаваннях разгледжаных скаргаў КПЧ не знайшоў нічога, што магло б прывесці яго да іншай высновы па сутнасці. Таму Камітэт палічыў, што пакаранне аўтараў за ўдзел у мірных пратэстах, хаця і несанкцыянаваных, было парушэннем іх правоў у адпаведнасці з арт. 19 і 21 Пакта.

Што павінна цяпер зрабіць беларуская дзяржава?

Камітэт пастанавіў, што беларуская дзяржава павінна прадставіць аўтарам эфектыўныя сродкі прававой абароны ў выглядзе поўнай кампенсацыі асобам, чые правы былі парушаныя. Адпаведна, Рэспубліка Беларусь абавязана прыняць належныя захады па кампенсацыі кошту штрафаў і любых судовых выдаткаў, якія панеслі аўтары ў сувязі з разбіральніцтвам супраць іх. Апрача гэтага, Рэспубліка Беларусь павінна прыняць усе неабходныя меры для прадухілення падобных парушэнняў у будучыні. З гэтай мэтай Камітэт рэкамендуе пераглядзець нацыянальную нарматыўную базу ў адпаведнасці з арт. 2 (2) МПГПП з тым, каб права, замацаваныя ў арт. 19 і 21 Пакта, маглі быць у поўнай меры рэалізаваныя.

Адначасова Камітэт адзначыў, што хацеў бы атрымаць ад Рэспублікі Беларусь цягам 180 дзён інфармацыю аб мерах, прынятых для рэалізацыі Меркаванняў Камітэта. Рэспубліцы Беларусь таксама прапанавана апублікаваць Меркаванні і забяспечыць іх шырокае распаўсюджанне на афіцыйных мовах дзяржавы-удзельніцы.

Праваабарончы гайд "Вясны": як абскардзіць пазбаўленне волі ў ААН

Любы незаконна затрыманы чалавек ці яго прадстаўнік могуць падаць скаргу ў Працоўную групу па адвольных затрыманнях ААН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства