viasna on patreon

Суседства з паразітамі ў месцах пазбаўлення волі – грубае парушэнне міжнародных стандартаў утрымання

2024 2024-12-06T13:55:00+0300 2024-12-06T14:52:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akrescina_karcer.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля масавых затрыманняў і адміністрацыйных арыштаў, з якімі сутыкнуліся беларусы ў 2020 годзе, грамадства даведалася пра жахлівыя ўмовы ў ізалятарах часовага ўтрымання, цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў і следчых ізалятарах. Найбольш шакавалі сведчанні арыштаваных пра невыносныя ўмовы ўтрымання, у тым ліку антысанітарыю і шкодных насякомых у камерах: вошай, клапоў і блох. “Вясна” сабрала дзесяткі сведчанняў былых зняволеных, якія сутыкнуліся з укусамі паразітаў і распавядае, чаму гэта з’яўляецца грубым парушэннем міжнародных стандартаў утрымання зняволеных.

Карцар у ІЧУ на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Карцар у ІЧУ на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Найбольш часта ў гісторыях арыштаваных пра іх сустрэчы са шкоднымі насякомымі называліся ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна, а таксама ІЧУ ў многіх гарадах.

У акрэсцінскіх камерах жывуць вошы, клапы і блохі

Былы палітвязень Захар Яноўскі ўзгадвае пра сваё знаходжанне на Акрэсціна і кажа аб тым, што “сродкі гігіены былі прэферэнцыяй звычайных хуліганаў, “экстрэмістам” не давалі ні мыла, ні зубную шчотку, пасля Акрэсціна ва ўсіх былі вошы”.

Актывіст Арцём Бабок распавядаў пра ўмовы ўтрымання ў ЦІП на Акрэсціна:

“У душ у ЦІПе звадзілі аднойчы —толькі ў першы дзень. Арцём адзначае, што гэта "правіла" дзейнічае ў адносінах да ўсіх арыштаваных, незалежна ад таго, колькі сутак ім трэба будзе адбываць. Таксама ў камеры былі прусакі і вошы. На прэтэнзіі аб гэтым супрацоўнікі ЦІП ніяк не рэагавалі”.

Многі сцвярджаюць, што адміністрацыя наўмысна падсяляла ў перапоўненыя камеры арыштаваных, якія вялі асацыяльны лад жыцця:

“У якасці дадатковага ціску ў камеры да затрыманых падсаджваюць бяздомных, частку з якіх затрымліваюць спецыяльна для палітычных камер. Каб падтрымліваць чысціню і не множыць вошай і блох, арыштанты просяць бяздомных чысціць сваю вопратку адразу пасля "заезду", але гэта практычна не дапамагае”.

“У васьмімеснай камеры ўтрымлівалася адначасова да 43 чалавек. У камеру перыядычна "падсялялі бамжоў", у якіх былі вошы".

"У ЦІПе ў камеры на шэсць чалавек было ўжо 24, і нас дваіх яшчэ прывялі: у выніку 26. Святло не выключалася ніколі, уначы а 2-й і а 4-й будзілі з пераклічкай ці без. У камеры клапы, некаторых моцна пакусалі. І вошы былі, але няшмат. 

Паводле іншага мужчыны, да іх, у перапоўненную камеру падсаджвалі бяздомных людзей:

"Але іх за дзень да майго прыходу хлопцы пераканалі "прасмажыцца" і памыцца. Былі чыстыя ўжо. Да гэтага казалі, што вошы па адным поўзалі кучамі. Потым падсялілі на месца чыстага, які пайшоў, ужо смярдзючага".

Былому палітзняволенаму Даніілу Касенку камера ў ІЧУ на Акрэсціна запомнілася антысанітарыяй і пахамі:

“Пах... Клапы, вошы — усё гэта вылазіць уначы, калі ты засынаеш, і кусаецца. Смярдзіць жудасна, чуваць крыкі...”

Сведчыць былая палітзняволеная Дар’я Афанасьева: “Калі нас пачалі кусаць клапы, у мяне пачалася алергічная рэакцыя, урач паглядзеў і сказаў: ну, зараз дам таблетачку — на гэтым маё ўзаемадзеянне з лекарам на Акрэсціна скончылася”.

Пра наяўнасць шкодных насякомых распавядалі таксама і тыя, хто адбываў пакаранне ў Брэсце, Гомелі, Гродна, Пінску, Жодзіна.

Адміністрацыйны арышт Аляксандр адбываў у ІЧУ Кастрычніцкага РАУС Гродна. Там як звычайна – ні мыла, ні зубных шчотак, ні матрацаў, ні прагулак:

“Умовы на сутках былі звычайныя: нельга было днём спаць і сядзець, а ложкі былі небяспечныя, бо металічныя пласціны былі з зазубрынамі ад балгаркі. У камеры знаходзіліся і кляшчы і вошы”.

Берасцейка Наталля адбывала адміністрацыйны арышт ў ІЧУ Ленінскага раёна Брэста. Суразмоўца кажа, што па ўсёй камеры было вельмі шмат клапоў, якія да алергіі кусалі жанчын. Праз гэта немагчыма было спаць.

ukusy-klapou.jpg
Сляды ўкусаў клапоў на целе Наталлі. Фота прадастаўлены гераіняй.

"Клапы былі паўсюль: на столі, на сценах, літаральна паўсюль. Я нават вывучыла ўсе стадыі жыцця клапоў: як выглядае лічынка, як дарослы. Я стала спецыялісткай па клапах.

Нягледзячы на тое, што ў нашай камеры былі драўляныя ложкі, спаць было немагчыма. Як толькі ты кладзешся спаць, цябе адразу пачынаюць моцна грызці клапы. У адной сукамерніцы ад укусаў пачалася алергія. У яе на целе з’явіліся агромныя пухіры. Мы прасілі наглядчыкаў выклікаць хуткую дамапогу, але яе так ніхто не выклікаў. Калі ў дваіх іншых дзяўчат таксама пачалася алергічная рэакцыя, тады толькі нам прынеслі нейкую мазь і таблеткі. Мяне таксама моцна пакусалі.

Адну з дзяўчат прывялі ў камеру ў лёгкай сукенцы. Яе таксама вельмі моцна пакусалі клапы. Яна доўга прасіла наглядчыкаў, каб ёй выдалі ейныя запасныя рэчы, каб хоць неяк схавацца ад гэтых клапоў. Толькі на трэція суткі, калі яна была ўся пакусаная, ёй перадалі штаны і кофту".

Яшчэ адно сведчанне: "Мая жонка ў сакавіку ў ІЧУ сутыкнулася з клапамі. Пакусалі не моцна, але клапоў было шмат. Пісалі нават скаргу ў пракуратуру на ўмовы ўтрымання, у тым ліку і пра ўкусы. Прыйшоў адказ, што "выкладзеныя вамі факты не пацвердзіліся”.

Былы сядзелец Гомельскага ІЧУ ўзгадвае толькі адзін факт:

“Неяк да нас мэна прывезлі, які жыве ў цеплатрасе, дык па ім прама скакалі блохі, прыйшлося аддаць яго на "пражарку"...”

Якую небяспеку тояць шкодныя насякомыя для вязняў?

Пасцельныя клапы аддаюць перавагу сяліцца побач са спальнымі месцамі, нападаюць толькі па начах. Доўгі час меркавалася, што яны не з'яўляюцца разносчыкамі інфекцый, небяспечнымі лічыліся толькі асобіны, якія жылі ў гасцініцах і месцах, дзе шмат людзей і часта змянялі сваіх ахвяр.

Блыхі вельмі непераборлівыя і селяцца практычна ў любым месцы. Спіс інфекцый, якімі можа “ўзнагародзіць” чалавека ўкус блыхі нашмат шырэй. Тут і чума, і сыпны тыф, гепатыты, сальманелёз, шаленства і лішай. Усяго больш за 25 розных захворванняў.

Вошы звычайна селяцца ў валасах і вопратцы чалавека. Хутка распаўсюджваюцца ў камфортных для іх умовах высокая цесната людзей у памяшканні, адсутнасць магчымасці выконваць элементарныя гігіенічныя нормы.

photo_2021-07-10_16-.jpg
Сляды ад укусаў клапоў у былога зняволенага. brestspring.org

У калоніях не так драматычна, але бегаюць пацукі

Сітуацыя ў беларускіх папраўчых калоніях са шкоднымі суседзямі вязняў не такая драматычная, тут перыядычна праходзяць санітарныя мерыпрыемствы: дэзінфекцыі і “пражарка” пасцельнай бялізны, аднак часам адміністрацыя забываецца на гэтыя меры.

Як успамінае былая палітзняволеная Ганна Вішняк, у Гомельскай жаночай калоніі № 4 была праблема з адзежнымі вошамі:

“Яны пасяляліся ў адзенні, у пасцельнай бялізне, а потым упіваліся ў скуру. Я пастаянна чухалася і не магла зразумець, ад чаго. Вельмі непрыемныя ўражанні. Спрабавала прыпякаць кіпяцільнікам швы швэдра, іншага адзення, каб знішчыць паразітаў. Раз на год нібыта ўсе рэчы, матрацы павінны былі забіраць на так званую „пражарку“, але за два гады маёй адсідкі гэтага ні разу не было”.

Былы палітвязень Аляксей Кірээў, які адбываў пакаранне ў ПК -15 у Магілёве:

“Калонія даволі стэрыльная. Вошы былі адзін раз, на 5 атрадзе. За пару дзён збавіліся ад іх і памяшканні апрыскалі”.

Фота: Shutterstock
Фота: Shutterstock

Многя палітвязні распавядаюць, што ў калоніях шмат пацукоў, якія таксама могуць быць распаўсюджвальнікамі небяспечных хвароб. Пацукі звычайна селяцца калі кухняў і сталовак, а таксама на промцы, адкуль іх цяжка вывесці.

Паразіты і антысанітарыя – грубае парушэнне міжнародных стандартаў утрымання зняволеных

Сітуацыя з перанаселенасцю, антысанітарыяй і паразітамі, такімі як вошы і клапы, у месцах пазбаўлення волі выклікаюць сур'ёзную занепакоенасць з пункту гледжання правоў чалавека і здароўя. Гэта з’яўляецца грубым парушэннем міжнародных стандартаў утрымання зняволеных, устаноўленых, напрыклад, ААН у Мінімальных стандартных правілах абыходжання са зняволенымі (правілах Нэльсана Мандэлы).

Антысанітарныя ўмовы ў месцах пазбаўлення волі пагражаюць не толькі зняволеным, але і грамадскаму здароўю ў цэлым. Барацьба з гэтым патрабуе сістэмнага падыходу і ціску на адпаведныя органы.

Сузаснавальнік установы “Лекары за праўду і справядлівасць”, у мінулым былы турэмны медык Васіль Завадзкі, які працаваў у Навасадзкай калёніі № 13 і ў Дэпартамэнце выканання пакаранняў, у інтэрв'ю "Радыё Свабода" назваў нядаўна такое стаўленне да людзей бесчалавечным і прыніжальным для іх годнасці. І на гэта, на яго думку, ёсць шэраг прычын.

«Па-першае, з гэтай навалай нечысці ня так лёгка змагацца. Па-другое, у кіраўнікоў ІЧУ, ЦІП, калоній іншыя прыярытэты, антысанітарыю яны проста ігнаруюць. Па-трэцяе, калі ня поўная адсутнасць кантролю, дык відавочна зніжаны кантроль з боку санітарных службаў — як ведамасных, так і дзяржаўных да ўстановаў пэнітэнцыярнай сістэмы. Што да клапоў, дык прывезьці гэтых насякомых дастаткова проста, часам з такіх месцаў, пра якія і не падумаеш. А змагацца з імі надзвычай цяжка. Можа, хіба што з вошамі прасцей, і тое ва ўмовах ЦІП, ІЧУ для гэтага трэба добра папрацаваць".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства