Тыктокераў працягваюць затрымліваць за відэа: хроніка пераследу 11-12 снежня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11-12 снежня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Баранавічах масавыя затрыманні па справе газеты «Intex-Press», якая ўжо закрылася
12 снежня стала вядома, што напачатку месяца ў Баранавічах прайшлі масавыя затрыманні работнікаў і журналістаў ліквідаванай прыватнай газеты «Intex-press».
Вядома пра затрыманне 7 чалавек у рамках артыкула 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Пасля выбараў рэдакцыя «Intex-press» сутыкнулася з блакіроўкамі, ператрусамі, штрафамі і канфіскацыяй тэхнікі.
Новыя "экстрэмісцкія" матэрыялы і фармаванне
У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — «ДУХ РУСИ». Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 4 снежня. Паводле ведамства, дачыненне да ініцыятывы маюць 18-гадовыя Артур Катовіч, Вячаслаў Бандарчук, Уладзіслаў Варонін, Арцём Аліферовіч, 16-гадовы Юры Кандраценка, а таксама Руслан Назарчук. У тэлеграм-канале «ДУХ РУСИ» размешчаныя нацысцкія і шавіністычныя допісы.
Акрамя таго, буйная суполка ва «Укантакце» «Подслушано Пинск» прызнаная «экстрэмісцкай». Пра гэта стала вядома 11 снежня. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Брэста 9 снежня. Адзначым, што на гэтую суполку падпісаныя больш за 24 тысячы чалавек.
Таксама спіс «экстрэмісцкі матэрыялаў» папоўнілі старонкі ў TikTok «Fundacja Tutaka» і «Michael», старонкі ў Instagram «bchd.еu», «alinakoushyk», «zmahary.krakowa», «to_uzajemna», а таксама старонка ў Facebook «Volny Chor / Вольны хор».
У Гомелі былога палітвязня хочуць судзіць за «парушэнне правілаў нагляду»
Былога палітычнага зняволенага Андрэя Аляшкевіча збіраюцца нанова судзіць. Пра гэта стала вядома 11 снежня. Яго абвінавачваюць ў тым, што ён нібыта «не выконваў патрабаванні прэвентыўнага нагляду або прафілактычнага назірання» (ч. 1 арт. 25.11 КаАП). Працэс будзе ўзначальваць суддзя Мікалай Крупадзёраў.
У чым канкрэтна палягаюць абвінавачванні да Аляшкевіча пакуль невядома. Яму пагражае штаф да 20 базавых велічыняў, прымусовыя грамадскія працы альбо арышт, піша «Гомельская Вясна».
Мужчына быў асуджаны 31 кастрычніка 2022 году судом Цэнтральнага раёна Гомеля на 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК). Свой тэрмін ён адбываў тэрмін у ПК № 20 і выйшаў на волю сёлета, напрыканцы жніўня.
Яшчэ аднаго тыктокера затрымалі за відэа пра міліцыю
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 20-гадовага блогера нядаўна звольнілі з міліцыі. Пасля чаго ён запісаў відэа пад песню «Жизнь ворам, смерть мусорам» і надпісам: «Ты, когда тебя уволили с ментовки».
Нагадаем, 10 снежня за відэа пра сябра-міліцыянта затрымалі 18-гадовую дзяўчыну.