viasna on patreon

Два гады без Алега Гулака: у вянок памяці калегі-праваабаронцы

2024 2024-12-16T10:56:00+0300 2024-12-16T13:47:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gulak-pamiac-2.jpg.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Гулак. Фота: belhelcom.org

Алег Гулак. Фота: belhelcom.org

Два гады як Беларускі Хельсінкскі камітэт і ўвесь праваабарончы беларускі сектар панёс вялікую страту – ва ўзросце 55 гадоў пайшоў з жыцця старшыня БХК, грамадскі дзеяч і праваабаронца Алег Гулак, надзейны і блізкі сябра для многіх грамадскіх ініцыятыў і для вясноўцаў. Праваабаронца з вялікім практычным досведам Алег зрабіў важны ўнёсак для развіцця праваабарончага руху Беларусі, ініцыяваў грамадскія кампаніі на самым высокім узроўні па абароне правоў асобаў, якія сталі ахвярамі парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Сёння сябры “Вясны” ўзгадваюць Алега Гулака, аддаючы даніну павагі калегу, настаўніку, сябру.

Наталля Сацункевіч: "Мяне ўражвала і супакойвала ўпэўненасць Алега"

Калі я думаю пра Алега, то адразу ўзгадваю дзве падзеі, паміж якімі пяць з паловай гадоў.

25 сакавіка 2017 года я планавала назіраць за мірнымі сходамі на Дзень Волі ў Мінску. На офіс Вясны ўварваўся АМАП і затрымаў больш за 50 чалавек-назіральнікаў. Ужо ў РУУС я пабачыла сярод затрыманых Алега, мы сядзелі ўсе ў спартовай залі, на лаўках уздоўж сцяны. Я падсела бліжэй да Алега, бо мне было вельмі страшна і незразумела. Мяне ўражвала і супакойвала ўпэўненасць Алега. Усё скончылася добра і даволі хутка, а я да сённяшняга дня памятаю тыя падзеі.

Другое. У кастрычніку 2022 года я была ў адукацыйнай трохтыднёвай паездцы па правах чалавека ў ЗША, разам з Алегам. Лічу, што мне пашчасціла правесці час і прапрацаваць разам, павучыцца ў яго. Алег шмат цікавага распавядаў, і пра жыццё, і пра працу, і пра Беларусь. Было класна, што можна абаперціся на Алега, на яго вопыт і веды, падчас сустрэч, пачуць яго разважанні і меркаванні. Нам нават давялося паспрачацца пра працоўны рэжым і гігіену чатаў.

Апошні раз я бачыла Алега ў Осла на ўручэнні Нобелеўскай прэміі міру. Ён быў вельмі прыгожы, з гальштукам-матыльком, вясёлы і задаволены. Такім ён і застаецца ў маёй памяці.

Алег Мацкевіч: "Успамінаю яго як вялікага аптыміста, заўсёды гатовага да дыялогу"

З Алегам Гулаком я сустракаўся не вельмі часта, у асноўным гэта адбывалася падчас нейкіх праваабарончых мерапрыемстваў, калі ў адным месцы збіраліся зацікаўленыя асобы з розных арганізацый. З прыемнасцю ўспамінаю яго як вялікага аптыміста, жыццярадаснага чалавека, заўсёды гатовага да дыялогу, адкрытага і шчырага сябра.

Варта сказаць, што Алег быў праваабаронцам па пакліканні, бо вельмі добра разумеў чалавечую прыроду і неабходнасць захавання баланса інтарэсаў паміж людзьмі, заснаванага на павазе да правоў і свабодаў. Апрача ўсяго, Алег быў чалавекам справы, які не проста казаў, але шмат чаго рабіў. Яму належыць шмат крэатыўных ідэй у галіне праваабарончай дзейнасці, ён заўсёды шукаў нестандартныя падыходы да сваёй працы.

Дзякуючы такім самаахвярным людзям, як Алег Гулак, і беларуская праваабарончая супольнасць у цэлым, і Беларускі Хельсінскі Камітэт у прыватнасці за пару дзесяцігоддзяў імкліва выраслі з суполак па інтарэсах да магутнай і ўплывовай з’явы, з якой вымушана лічыцца ўлада і якая мае павагу на міжнародным узроўні.

Павел Сапелка: "Яго не хапае  як дасведчанага лоцмана на складаным фарватэры"

Час без Алега – гэта час, які для мяне праляцеў хутка. Яго не хапае як чалавека, як калегі, як невычэрпнай крыніцы пранізліва актуальных ініцыятыў, як прынцыповага прыхільніка каштоўнасцяў правоў чалавека. Яго не хапае  як дасведчанага лоцмана на складаным фарватэры, з яго магчымасцямі бачыць падводныя камяні і нечаканыя ракурсы добра даследаваных праблем.

Нам, тым, хто не Беларусі, не засталося магчымасці прынесці яму ў гэты дзень кветкі, помнік Алегу ад нас – нашы ўспаміны, наш смутак, павага тых прынцыпаў, з якімі і дзеля якіх ён жыў.

Сяржук Сыс: "Алег ствараў атмасферу, у якой ты пачуваўся нібы ў сваім доме"

Два гады пасля сыходу Алега праляцела імгненна. Сам я, як раней, так і зараз, не магу ўзгадаць ягонае імя па-бацьку. А ўсё таму, што яшчэ напачатку нашага знаёмства ён мякка і далікатна паправіў мяне: “Сяргей, давай без гэтых усялякіх цырымоній”.

На офісе “Вясны”, калі да нас завітваў Гулак па справах, адразу мяняўся настрой. Неяк мог ён адным-двумя сказамі дадаць пазітыву, развесяліць, узгадаць нешта цікавае з праваабарончага жыцця.

Ну і вядома, былі ў нас розныя супольныя праекты з БХК, паездкі, пад час якіх Алег мог крэатыўна пыдыйсці да тэмы, знайсці нестандартнае рашэнне.

А калі выпадала звяртацца да яго па каментар альбо інтэрв’ю і я трапляў на офіс БХК – тыя імгненні заставаліся ў памяці надоўга, бо Алег ствараў атмасферу, у якой ты пачуваўся нібы ў сваім доме.

Больш успамінаў пра Алега Гулака на адмысловым сайце, прысвечаным праваабаронцу

Алег Гулак. Праз год

Сабралі ўспаміны яго калег і каляжанак па праваабарончым сектары і міжнародных партнёраў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства