Акруговыя камісіі Берасьцейшчыны: амаль у кожнай – прадстаўнікі аблвыканкаму і аблсавету
Нягледзячы на тое, што ў Брэсцкай вобласьці аблвыканкам і прэзідыум абласнога Савета дэпутатаў прынялі рашэньне, каб ў акруговыя выбарчыя камісіі (а іх усяго 16) увайшла максімальна дапусьцімая колькасьць сябраў - па 13 чалавек, з 208 сябраў камісій, якіх трэба было вызначыць, 28 фактычна не выбіралі, а прызначылі тыя органы, якія стваралі камісіі. Па 14 ад абласнога выканаўчага камітэта і прэзідыума аблсавета дэпутатаў.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Андрэевіч Сумар казаў, што ў камісіях знайшлося месца прадстаўнікам ўсіх палітычных партый і грамадскіх аб'яднаньняў. Толькі трэба удакладніць, па-першае, што не ў кожную камісію трапілі тыя прадстаўнікі. Па-другое, найвялікшую колькасьць сярод сябраў камісій набралі чамусьці прадстаўнікі так званых "прапрэзідэнцкіх" партый: КПБ, Аграрнай і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці - іх усяго 16. У той жа час ад апазіцыйных партый - БНФ, АГП, ПКБ і БСДП (Грамада) - у камісіі трапілі толькі 6 чалавек, або амаль у тры разы меньш, чым іх апаненты.
Сярод грамадскіх арганізацый першае-другое месцы падзялілі вядомыя сваёй лаяльнасьцю да ўлады БРСМ і "Белая Русь": яны маюць у камісіях адпаведна 13 і 9 сваіх прадстаўнікоў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”