Справа Алеся Меха: заяву прэтэндэнта ў кандыдаты ЦВК накіравала ў пракуратуру
Кіраўнік Кобрынскай суполкі Партыі БНФ Алесь Мех ў панядзелак, 28 ліпеня, зьбіраецца абскардзіць у судзе ягонае звальненьне з Кобрынскага упраўленьня магістральных газаправодаў ААТ "Белтрансгаз".
Нягледзячы на ціск уладаў, ініцыятыўная група Алеся Меха зарэгістравана і зьбірае подпісы за яго вылучэньне. Паводле словаў спадара Меха, цяперашняя кампанія нашмат больш напружаная, чым папярэднія.Тым не меньш, Алесь Мех актыўна ўключыўся ў гэтую кампанію.
Алесь Мех распавёў, што адбывалася пасьля размовы з супрацоўнікам КДБ і звальненьня з працы: “Мяне выклікалі да памочніка дэпутата па нашай акрузе Юрыя Філіновіча. Памочнік дэпутата Віктара Кучынскага сказаў, што ён ведае пра мае непрыемнасьці і гатовы дапамагчы. Я ўжо быў настроіўся на лагодны лад. А ён потым сказаў: калі ты не здымеш сваю кандыдатуру, мы звольнім тваю жонку. Пасьля гэтага я адмовіўся ад працягу размовы. Пазьней мне патэлефанавалі на мабільны тэлефон з абразамі і пагрозамі. Я падаў скаргу на імя раёнага пракурора. 24 ліпеня я атрымаў адказ, што яны знайшлі, хто мне тэлефанаваў, а гэта той самы Філіновіч, які званіў з прыёмнай дэпутата Кучынскага. Але яны ня здолелі ўстанавіць, што ён мне пагражаў”.
Атрымаў ён таксама і адказ з Цэнтрвыбаркама, у якім гаварылася, што меры прымаюцца: маўляў, Вашая заява прынятая і накіраваная ў пракуратуру.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”