Рэчыца: камісія без апазіцыі
Жыхарка горада Рэчыца Алена Агафонава накіравала ліст у прэзідыюм Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў з просьбай растлумачыць, чаму яе не ўключылі ў склад Рэчыцкай акруговай выбарчай камісіі. Сітуацыя ў суседняй Хойніцкай акрузе выглядае крыху дэмакратычней.
Як распавяла А. Агафонава, яна была вылучана ў Рэчыцкую акруговую камісію па выбарах 2008 года ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Алена Агафонава з’яўляецца сябрам Партыі БНФ, і ў камісію яе вылучыла Рада (кіруючы орган) Гомельскай абласной арганізацыі гэтай партыі. Аднак на сумесным паседжаньні прэзідыюма Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, дзе ўтвараліся акруговыя камісіі, кандыдатура А. Агафонавай была адхіленая.
“Такім чынам, у акруговай камісіі Рэчыцкай выбарчай акругі № 44 няма ніводнага прадстаўніка ад дэмакратычных сілаў. Усе члены камісіі падабраныя ўладай” – лічыць А. Агафонава. Гэтая акруга ахоплівае Рэчыцкі раён. Нагадаем, што паводле заканадаўства абласныя ўлады вырашаюць на сваё меркаваньне, каго з вылучаных кандыдатур уключыць у акруговыя выбарчыя камісіі.
У суседняй Хойніцкай акрузе № 47 з прадстаўнікоў дэмакратычных сіл у акруговую выбарчую камісію быў вылучаны Уладзімір Церамецкі. “Яго вылучылі ў камісію і шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, і ад Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі – паведаміў Леанід Судаленка, сябра гэтай партыі з Гомеля. – Ён ўключаны ў склад камісіі.” У Хойніцкую выбарчую акругу ўваходзяць Брагінскі, Лоеўскі і Хойніцкі раёны Гомельскай вобласьці.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”