viasna on patreon

Вілейка: Зьміцер Вінаградаў падаў скаргу ў Цэнтарвыбаркам

2008 2008-07-29T13:10:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вілейка: Зьміцер Вінаградаў падаў скаргу ў Цэнтарвыбаркам

 

Кіраўнік абласной структуры партыі БНФ Зьміцер Вінаградаў 26 ліпеня падаў у цэнтарвыбаркам скаргу на рашэньне Вілейскай акруговай камісіі №64. Нагадаем, што 24 ліпеня была не зарэгістраваная яго ініцыятыўная група. Прычынай адмовы ў рэгістрацыі стала заява аднаго з сяброў групы, што яго ўключылі туды без ведама. Паводле слоў кіраўніка ініцыятыўнай групы Вінаградава - Віталя Ананькі, заява была напісана пад ціскам мядзельскай вертыкалі.

 

Калі пасьля паседжаньня камісіі З. Вінаградаў павёз у Вілейку новы сьпіс групы (тэрмін падачы быў да 19.00 24.07.08), дык на дарозе з Мядзелю яго затрымалі міліцыянты, і абвесьціўшы што яго аўто знаходзіцца ва ўгоне, завезлі спадара Вінаградава ў пастаруна, дзе пратрымалі некалькі гадзін. Такім чынам падаць новую заяву Зьміцер Вінаградаў не пасьпеў.

 

Сам Зьміцер Вінаградаў пракаментаваў гэта наступным чынам: "Міліцыянтам было маральна цяжка мяне затрымліваць. Гэта ня іх ініцыятыва. Гэта робіць райвыканкам. Райвыканкам і раней дзейнічаў супраць мяне. Спрабавалі дыскрыдытаваць і маю касьцельную дзейнасьць".

 

Таксама Зьміцер Вінаградаў падаў у цэнтарвыбаркам заяву аб учыненьні перашкодаў падчас падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. У сваёй заяве сп. Вінаградаў просіць абавязаць  Вілейскую выбарчую камісію зарэгістраваць яго ініцыятыўную групу. Па водле слоў самаго Зьміцера, у цэнтарвыбаркаме ён пачуў наступнае: "Президент же сказал никого не снимать, никого не трогать, что же они у вас там делают".

 

Зьміцер Вінаградаў адзначае: "Нават калі мяне не зарэгіструюць, я буду працаваць. Буду зьбіраць подпісы па мясцовых праблемах, буду распавядаць людзям, як мяне зьнялі з выбараў. Райвыканкам баіцца мяне на выбарах, бо ведае, што людзі будуць падтрымліваць мяне і партыю БНФ".

 

Варта адзначыць што 24 ліпеня, пасьля паседжаньня акруговай камісіі, без аніякіх перашкодаў, была пададзена яшчэ адна заява аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Заяву падаў Яўгеній Пятровіч Сапёлкін - кіраўнік упраўленьня навукі і іннавацыйнага разьвіцця апарата Савета Міністраў РБ.

 

“Правабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства