Гомель: У другі раз не зарэгістраваная ініцыятыўная група Пятра Кузняцова
Такое рашэньне прыняла Гомельская-Цэнтральная акруговая камісія № 33 у пятніцу, 25 ліпеня. Падставай гэтым разам стала адмова двух сябраў ініцыятыўнай групы ад удзелу ў працэсе. У камісіі сцьвярджаюць, што маюцца заявы гэтых двух чалавек. Аднак Пятру Кузняцову камісія не дае гэтыя дакументы ні для капіяваньня, ні для азнаямленьня.
Прычыны, па якіх сябры ініцыятыўнай групы напісалі такія заявы, пакуль невядомыя. Тэлефон першай дзяўчыны не адказвае, а другая проста "скідае" званкі.
- З гэтымі людзьмі ў мяне была цьвёрдая дамоўленасьць, і іх адмова стала для мяне нечаканасьцю, - кажа Пётр Кузняцоў, вылучэнец ад АДС. - Я не выключаю, што на іх быў аказаны ціск. Аднак аб'ектыўных прычынаў для "нерэгістрацыі" няма. У гэтай камісіі адвольна тлумачаць закон: у маёй групе 53 чалавека, і трэба было б 46 такіх адмоваў, каб не зарэгістраваць згодна з заканадаўствам. Таму я накіраваў скаргу ў ЦВК.
Аб гэтым рашэньні акруговай камісіі стала вядома ў панядзелак. У пятніцу сакратар камісіі паведаміла назіральніку па Гомельскім-Цэнтральнай акрузе Юрыю Варанежцаву, што зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы ўсіх прэтэндэнтаў, якія падалі заявы.
У дадзенай акрузе зарэгістраваныя 3 ініцыятыўныя групы: Пятра Барысава (сябры АГП, ня ўзгодненага з АДС прэтэндэнта), Зьміцера Гусакова (БСДП) і Аляксандра Шаўко (дзеючага дэпутата). Нагадаем, у складзе сябраў дадзенай акруговай камісіі няма прадстаўнікоў ад АДС, кандыдатура Зінаіды Шумілінай была адхіленая без тлумачэньня прычынаў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"