Барысаў: Акруговая камісія ўгледзела датэрміновую агітацыю ў недзяржаўнай газеце
У недзяржаўнай газеце "Барысаўскія навіны" за 5 жніўня было апублікавана інтэрв'ю з яе рэдактарам Анатолем Букасам. Сакратар акруговай выбарчай камісіі па Барысаўскай гарадской выбарчай акрузе №63 Таццяна Стасава па тэлефоне запатрабавала тлумачэнняў у сувязі з гэтай публікацыяй, - паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэнні Анатоля Букаса кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Ігар Ляднік.
Таццяна Стасава папярэдзіла, што акруговая камісія накіруе ліст у Назіральны савет па выкананні выбарчага заканадаўства ў сродках масавай інфармацыі пры Цэнтральнай выбарчай камісіі. Па яе меркаванні, інтэрв'ю з патэнцыйным кандыдатам у дэпутаты, апублікаванае ў "Барысаўскіх навінах", з’яўляецца датэрміновай агітацыяй.
Між тым, у тэксце інтэрв'ю не было заклікаў галасаваць за Анатоля Букаса. У той жа час у газеце "Адзінства", заснавальнікам якой з'яўляецца Барысаўскі райвыканкам, было апублікавана ўжо некалькі матэрыялаў, у якіх утрымоўваліся прамыя заклікі галасаваць за дзеючага дэпутата Віктара Гумінскага.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"