Баранавічы: Назіральніку адмовілі ў інфармацыі
Каб даведацца, як ідзе фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій і калі будзе выніковае паседжанне Баранавіцкага гарвыканкама і Савета дэпутатаў па гэтым пытанні, назіральнік ад Беларускага Хельсінскага камітэта Віктар Цяпін, ён жа журналіст газеты “Товарищ” 12 жніўня (у аўторак) звярнуўся да начальніка арганізацыйна-кадравае работы гарвыканкама Алега Савося.
А. Савось папрасіў ператэлефанаваць праз 20 хвілін. У 13.30 Савось адказаў В.Цяпіну, што нічога па гэтаму пытанню сказаць не можа і ніякай інфармацыі не мае. А ў 16.00 Віктар Цяпін даведаўся, што сумеснае паседжанне выканкама і Савета адбылося і фарміраванне камісій завяршылася. Не дала ніякай інфармацыі журналістам напрыканцы дня, 12 жніўня, і начальнік ідэалагічнага аддзела Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Жытко, сказаўшы, што такіх дадзеных у яе няма.
Вось вам і галоснасць і адкрытасць пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, якая дэкларуецца арт. 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь!
“Правабаронцы за свабодныя выбары”