Светлагорск: Выбаршчыку не дазволілі прысутнічаць пры ўтварэнні ўчастковых камісій
Выканаўчы камітэт Светлагорскага раёна 12 жніўня правёў паседжанне, на якім былі ўтвораны ўчастковыя выбарчыя камісіі па выбарах у Палату прадстаўнікоў. Старшыня Светлагорскага райвыканкама Сяргей Максіменка не дазволіў прысутнічаць на паседжанні выканкама жыхару Светлагорска Вадзіму Болбасу, які хацеў пабачыць, як адбываецца ўтварэнне выбарчых камісій. Вось што ён распавёў:
“Старшыня райвыканкама С. Максіменка запытаў, ці ёсць у мяне партыйнае пасведчанне. Я з’яўляюся сябрам Партыі БНФ, але пасведчання не ўзяў, таму што лічу: калі падрыхтоўка выбараў вядзецца адкрыта і галосна, то пры ўтварэнні камісій можа прыстунічаць любы выбаршчык, які жыве ў Светлагорску. Аднак С. Максіменка сказаў: калі няма пасведчання, то і прысутнічаць нельга.”
Адзначым, што згодна артыкулу 13 Выбарчага кодэкса, “падрыхтоўка і правядзенне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна”.
Нагадаем, што на гэтым паседжанні ўсе 28 кандыдатур, якія былі вылучаны ад дэмакратычных сіл, у склад участковых выбарчых камісій не прайшлі. 13 жніўня намеснік старшыні акруговай выбарчай камісіі Уладзімір Кукар сказаў В. Болбасу, што прысутнічаць на паседжанні маглі прадстаўнікі партый, якія вылучалі людзей у склад участковых камісій. Чаму не можа прысутнічаць любы выбаршчык – пытанне засталося адкрытым.
В. Болбас з’яўляецца назіральнікам у акруговай выбарчай камісіі. 13 жніўня ён атрымаў ад старшыні гэтай камісіі Сяргея Меркулава такія звесткі: усяго ва ўчастковыя камісіі ў акрузе было вылучана 814 чалавек, з іх уключана у камісіі – каля 660, а прыблізна 150 – не прайшлі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"