viasna on patreon

У Польшчы хочуць скараціць пенсіі былым камуністычным кіраўнікам і супрацоўнікам дзяржбяспекі

2008 2008-09-25T12:26:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Найбуйнейшая партыя ў польскім сейме, урадавая "Грамадзянская платформа", унесла на разгляд дэпутатаў законапраект аб скарачэнні пенсій былым камуністычным кіраўнікам і супрацоўнікам дзяржаўнай бяспекі, паведамляе агенцтва AFP.
Паводле слоў аднаго з дэпутатаў ад "Грамадзянскай платформы" Себасцьяна Карпінюка, які ўдзельнічаў у распрацоўцы законапраекта, "гэта важны і сімвалічны акт справядлівасці".

Скарачэнні распаўсюджваюцца на тых, хто служыў у органах дзяржбяспекі ў 1944—1990 гадах, а таксама на членаў камуністычнага польскага кіраўніцтва ў перыяд пасля 1981 года, у прыватнасці, пад скарачэнне трапляе пенсія экс-прэзідэнта Войцэха Ярузэльскага.

Чакаецца, што сейм зацвердзіць законапраект, паколькі іншая вядучая партыя "Закон і справядлівасць" таксама ўхваляе скарачэнне пенсій камуністам.

Па падліках польскіх СМІ, штомесячныя пенсіі будуць паменшаны з 8 тыс. злотых (каля 3,5 тыс. долараў ЗША) да 2,5 тыс. (1,1 тыс. долараў). Пры гэтым, паводле слоў, С.Карпінюка, некаторыя пенсіі паменшацца да прадугледжанага польскім законам мінімуму — 636 злотых (280 долараў). Частку з амаль 600 млн. злотых у год, якія зэканоміць закон, плануецца патраціць на дапамогу ахвярам камуністычных рэпрэсій.

Былы кіраўнік польскага камуністычнага рэжыму 85-гадовы генерал В.Ярузэльскі разам з шэрагам высокапастаўленых паплечнікаў знаходзіцца пад судом за "камуністычныя злачынствы". Галоўную яго віну праціўнікі бачаць ва ўвядзенні ў 1981 годзе ваеннага становішча і рэпрэсіях супраць актывістаў прафсаюза "Салідарнасць", паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства