Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр "Вясна" заклікаюць урад Рэспублікі Беларусь выконваць міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека
Сумесная заява FIDH і Праваабарончага цэнтра "Вясна"
Менск-Парыж, 9 снежня 2008
Напярэдадні 60-годдзя Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека Міжнародная Федэрацыя правоў чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр "Вясна" вымушаныя канстатаваць, што Рэспубліка Беларусь ухіляецца ад выканання сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека.
Мы нагадваем, што Беларусь з'яўляецца краінай-заснавальнікам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і адной з распрацоўшчыкаў Усеагульнай дэкларацыі, удзельнікам Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, нялюдскіх або зневажаючых годнасьць відаў абыходжання і пакарання, Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын і Канвенцыі аб правах дзіцяці.
Нягледзячы на гэта, беларускі ўрад сістэматычна не выконвае тыя абавязацельствы, якія Рэспубліка Беларусь узяла на сябе праз падпісанне адпаведных міжнародных дамоў.
Так, ратыфікаваўшы першы Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (уступіў у сілу 30 снежня 1992 году), Рэспубліка Беларусь прызнала кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека ААН у адносінах да міждзяржаўных скаргаў і абавязалася падаваць перыядычныя даклады па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.
Разам з тым, апошні перыядычны даклад у Камітэт Беларусь падала 6 лістапада 1997 года, сваё абавацельства па падачы наступных дакладаў, якія павінны былі быць пададзеныя 7 лістапада 2001 гады і 7 лістапада 2006 гады, Рэспубліка Беларусь праігнаравала.
Беларускі ўрад працягвае таксама практыку невыканання рэкамендацый Камітэта ААН па індывідуальных зваротах грамадзян Беларусі адносна парушэння грамадзянскіх і палітычных правоў. Ні адно з 16 рашэнняў Камітэта аб прызнанні парушэнняў правоў грамадзян Беларусі, прынятых з моманту ратыфікацыі першага Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, не было выканана.
Ратыфікаваўшы Канвенцыю супраць катаванняў (уступіла ў сілу 26 чэрвеня 1987 года), Рэспубліка Беларусь абавязалася падаваць перыядычныя даклады аб яе выкананні. На дадзены момант урад падаў тры даклады -- першапачатковы і два перыядычных. Трэці перыядычны даклад, які павінен быў быць прадстаўлены ў 1996 годзе, быў пададзены толькі ў красавіку 2000 г. Чацвёрты і пяты перыядычныя даклады, якія павінны былі быць прадстаўленыя 25 чэрвеня 2000 і 25 чэрвеня 2004 года, да цяперашняга часу не пададзеныя.
Беларусь цалкам адмовілася ад супрацоўніцтва са спецдакладчыкам па пытаннях правоў чалавека ў Беларусі, які быў прызначаны паводле Рэзалюцыі Камісіі ААН у 2004 годзе. Да моманту скасавання інстытута спецдакладчыка ў чэрвені 2007 года Беларусь ні разу не дазволіла прадстаўніку ААН наведаць краіну.
Пазіцыя беларускіх уладаў па ўхіленні ад выканання ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў неаднаразова з занепакоенасцю адзначалася ў Рэзалюцыях Генеральнай Асамблеі ААН.
Такім чынам, ігнараванне нормаў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, невыкананне рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН па зваротах грамадзян Беларусі, адмова ад падачы перыядычных дакладаў па выкананні Пакта і Канвенцый, адмова ад супрацоўніцтва з адмысловымі механізмамі фактычна выводзяць Беларусь за рамкі міжнароднай абароны правоў чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Мы заклікаем беларускія ўлады прыступіць да выканання сваіх міжнародных абавязкаў і ў поўнай меры наладзіць супрацоўніцтва са структурамі ААН у вобласці правоў чалавека.