viasna on patreon

Наста Палажанка паскардзілася ў пракуратуру на міліцыянтаў

2009 2009-11-11T09:11:08+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/palazhanka_nasta.jpg
Наста Дашкевіч

Наста Дашкевіч

Намесьніца старшыні "Маладога Фронту" Наста Палажанка накіравала заяву ў пракуратуру Першамайскага раёну Менска з нагоды незаконнага затрыманьня й ўтрыманьня ў РАЎСе цягам 6 гадзін без падставаў на тое й незаконную канфіскацыю інфармацыйных матэрыялаў да кампаній "Маладога Фронту".

"07.11.2009 г. каля 9 раніцы амаль на парозе майго пад’езду да мяне падышлі 3 чалавекі ў цывільным адзенні. Адзін з іх прадставіўся як маёр міліцыі Чалей А.А. і прапанаваў прысесці разам з імі у міліцэйскую машыну (яна стаяла неадлёка, унутры знаходзілася двое людзей у міліцэйскай форме). Прычыну мне не патлумачылі, але непадпарадкаванне і супраціўленне я аказваць не стала. Гэтыя людзі даставілі мяне ў РУУС Першамайскага раёна г.Мінска.

На працягу трох гадзін мне не паведамлялі падставаў майго затрымання. Толькі пасля гэтага тэрміну мне паведамілі, што я затрымана па падазрэнню ў здяйсненні злачынства.

Якога канкрэтна злачынства, мне не патлумачылі. Згодна ч.1 арт.108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 1999г №295-З (са зменамі і дадаткамі) асоба, якая падазраецца ў здзяйсненні злачынства, можа быць затрымана органам крымінальнага пераследу, які дзейнічае ў межах сваёй кампетэнцыі, пры наяўнасці адной з падставаў, пералічаных у п.1-4 гэтай часткі. У выніку я так і не зразумела, якія ж падставы былі насамрэч.

Да таго ж, ч. 1-2 арт.110 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжваюць, што “1. Неадкладна пасля дастаўкі затрыманага ў орган крымінальнага пераследу службовай асобай, якая ажыццявіла фактычнае затрыманне, складаецца пратакол, у якім паказваюцца падставы, месца і час фактычнага затрымання (з указаннем гадзіны і хвілін), вынікі асабістага дагляду, а таксама час складання пратаколу. Пратакол аб'яўляецца затрыманаму і пры гэтым растлумачваюцца прадугледжаныя артыкулам 41 дадзенага Кодэкса правы, у тым ліку права запрасіць абаронцу і даваць паказанні ў яго прысутнасці, што адзначаецца ў пратаколе. Пратакол падпісваецца асобай, якая яго склала, і затрыманым.

2. Орган дазнання, следчы, пракурор на працягу трох гадзін з моманту дастаўкі падазраванага ў орган крымінальнага пераследу прымаюць рашэнне аб затрыманні, пра што выносіцца пастанова, якая з'яўляецца прававой падставай для кароткачасовага ўтрымання пад вартавых затрыманага ў месцах і на ўмовах, прадугледжаных законам, альбо прымаюць рашэнне аб вызваленні затрыманага. Пастанова аб'яўляецца затрыманаму.”

Хачу зазаначыць, што пратакол затрымання не складаўся (ці мне не прадставілі яго), падставы майго затрымання так і не агучылі, але ў выніку асабістага дагляду быў складзены толькі Пратакол вымання рэчаў і дакумантаў (копія ў дадтку). Правы і абавязкі, адпаведна, ніхто не агучыў, права на абаронцу не прадставілі. Наконт пастановы аб затрыманні хачу паведаміць, што са словаў міліцыянтаў рашэнне аб маім лёсе прымецца пасля тэлефаоннага званку, які мае адбыцца пасля 15-ці гадзін дня. Каля таго часу пасля тэлефоннага званку мяне адпусцілі без тлумачэнняў і складання працэсуальных дакумантаў. Міліцыянты пакінулі сабе тое, што было беспадстаўна адабрана і пералічана ў пратаколе вымання:

1. Бланкі збору подпісаў – 500 экз. Фармату А4;
2. Плакаты “Прапнуем далучацца да агульнанацыянальнага збору подпісаў у абарону беларускай мовы” – 500 экземпляраў фармату А4;
3. Плакаты “Падаруй кнігу дзіцячаму дому” – 500 экз. Фармату А3.

На мае патрабаванні аддаць гэтыя рэчы я атрымала адмову. Паколькі крымінальнай справы на мяне не заведзена і гэтыя рэчы не з’яўляюцца забароненымі і ненясуць нічога супрацьпраўнага, лічу адмову ў вяртанні неправамернай.

Яшчэ незразумелым быў той факт, што маім родным, сябрам і знаёмым адмаўляліся прадставіць інфармацыю адносна майго знаходжання ў РУУСе. Толькі пасля прадстаўлення інфармацыі ад дзяжурнага па Мінску дзяжурны па РУУС сказаў, што мяне адпусцілі, хаця я там знаходзілася яшчэ каля 3-х гадзін. Праз дзве гадзіны сказалі, што я затрымана ў падазрэнні ў правапарушэнні, прадугледжаным арт.23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь. Калі насамрэч гэта была падстава майго затрымання, тады мяне павінны былі адпусціць не пазней чым праз тры гадзіны з моманту фактычнага затрымання (ч.1 і 3 арт.8.4 ПВКаАП РБ), што не спраўдзілася.

На падставе вышэйвыкладзенага

ПРАШУ:

1. Высветліць і паведаміць прычыну майго затрымання;
2. Высветліць і паведаміць мне асобаў, якія ўдзельнічылі ў гэтым;
3. Правесці праверку па факту, выкладзенаму ў дадзенай скарзе, даць прававую адзнаку дзеянням супрацоўнікаў міліцыі;
4. Далучыць да ўстаноўленай законам і нарматыўнымі дакументамі МУС адказнасці вінаватых у парушэннях супрацоўнікаў міліцыі;
5. Праінфармаваць мяне ў прадугледжаныя законам тэрміны аб выніках праведзенай праверкі і прынятых мерах па пакаранню вінаватых з пазначэннем ці прадстаўленнем копій распарадчых дакументаў УУС ці іншых органаў, якія пацвердзяць далучэнне вінаватых да адказнасці;
6. Павернуць мне рэчы, якія засталіся ў Першамайскім РУУСе., - піша Наста Палажанка ў скарзе.    

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства