Івацэвічы: Подпісы за Лукашэнку збіраюць на працоўных месцах
Як стала вядома сябру ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева Станіславу Халадовічу, у Івацэвічах напоўніцу выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс пры зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку.
Подпісы ў Івацэвіцкай раённай бальніцы збіраліся па камандзе і пад пільным наглядам галоўнага ўрача.
У дзіцячым садку “Вясёлка” загадчыца папярэдзіла супрацоўнікаў загадзя, каб прынеслі пашпарты. 5 верасня сабрала калектыў у зале, дзе дырэктар Івацэвіцкай сш № 4, дэпутат абласнога Савета, сябра ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Таццяна Касавец сабрала подпісы. Сёння такім чынам будуць сабраны подпісы ў ліцэі, бо ўчора дырэктар ліцэя Яўген Пішчаў загадаў супрацоўнікам прынесці пашпарты.
Па словах Халадовіча, сябры ініцыятыўнай групы Лукашэнкі ўводзяць людзей у зман. Ім кажуць, што больш ні за кога нельга ставіць подпісы. Калі ў 2006 годзе падчас прэзідэнцкай кампаніі за 3 гадзіны ён збіраў па 30-40 подпісаў, то зараз - 15-16. Час ідзе на перакананне людзей, што подпісы можна ставіць за ўсіх.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”