Зэльва: Збор подпісаў ідзе спакойна
Дзе можна праводзіць пікеты ў Зэльве? Такое пытанне было зададзена кіраўніку Зэльвенскай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Сяргею Горнаму. Справа ў тым, што яшчэ 7 жніўня Зэльвенскі райвыканкам прыняў рашэнне забараніць правядзенне пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў у месцах побач з адміністратыўнымі і культавымі будынкамі, у месцах, пагражаючых жыццю і здароўю людзей і ў месцах, якія перашкаджаюць бесперабойнаму функцыянаванню арганізацый. Пасля такога рашэння ўзнік сумнеў: дык дзе можна праводзіць пікеты ў Зэльве? Ці можна іх праводзіць, напрыклад, каля рынку ў Зэльве, побач з райвыканкам?
Сяргей Горны адказаў: “Пікеты праводзіць можна і каля рынку, і каля вакзала, каля аўтастанцыі і г.д. Гэта не будзе пярэчыць рашэнню Зэльвенскага райвыканкама. І пакуль скаргаў па гэтым пытанні ад ініцыятыўных групаў у Зэльвенскую раённую выбарчую камісію не паступала”. На пытанне, ці ўзнікалі праблемы, ці звярталіся прадстаўнікі ад ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на Зэльвеншчыне па якіх-небудзь пытаннях, са скаргамі, Сяргей Горны адказаў, што падчас мінулых выбараў падобныя пытанні прыходзілася разглядаць і вырашаць. “Цяпер збор подпісаў ідзе спакойна, ад прадстаўнікоў ініцыятыўных групаў ніхто са скаргамі пакуль не звяртаўся. Не паступала скаргаў і ў раённы аддзел міліцыі”, - адзначыў С. Горны.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”