Менск: Зборшчыкаў подпісаў за апазіцыйных кандыдатаў не пускаюць у інтэрнаты прадпрыемстваў
Багуслаў Унгур, сябра ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева, распавёў, як хацеў прайсці з мэтай збору подпісаў у інтэрнат менскага камбіната сілікатных вырабаў па вуліцы Прылукскай, 50.
- Калі я праходзіў, вахцёрка стала тэлефанаваць каменданту інтэрната Нікалаенка Ніне Васільеўне. Камендант загадала ёй мяне не прапускаць. Я сказаў ёй, што я ўсё роўна пайду, таму што гэта прафанацыя...
Праўда, дадае спадар Багуслаў, яму быў прапанаваны “кампрамісны” варыянт: паставіць пікет проста ў холе інтэрната, каля вахты. Але актывіст адмовіўся, бо, па яго словах, давялося б “стаяць і чакаць, калі хто-небудзь выйдзе раз у гадзіну”.
- Чапляйся тады да гэтага чалавека, які ідзе звычайна без пашпарта куды-небудзь у краму, каб ён паставіў подпіс... Я кажу: “Гэта прафанацыя. Гэта перашкода для збору подпісаў і парушэнне і выбарчага заканадаўства, і Канстытуцыі. Чаму ў кватэрах можна збіраць, а ў інтэрнатах нельга?” Я сказаў, што ўсё роўна пайду.
Калі спадар Багуслаў шукаў нумары тэлефонаў юрыстаў з Хельсінкскага камітэту, вахцёрка, у сваю чаргу, зноў патэлефанавала каменданту: “Ён збіраецца ісці далей, звоніць камусьці”. Пасля кароткай тэлефоннай нарады яна сказала, што, калі актывіст кампаніі У.Някляева будзе працягваць рухацца ўнутр інтэрната, яна націсне на ахоўную кнопку, і тады на месца тэрмінова прыбудуць АМАП ці міліцыя.
- Я быў вымушаны сысці, таму што не хацеў мець такія стасункі – хацеў збіраць подпісы, - тлумачыць Б.Унгур.
Аналагічная сітуацыя атрымалася і ў суседнім будынку па той жа вуліцы, пазначаным як “інтэрнат N 6”. (Да якой арганізацыі ён належыць, на дазены момант невядома). Трапіць у той інтэрнат таксама не ўдалося – на гэты раз, акрамя вахцёра, шлях актывісту заступіла яшчэ і выхавальніца (дарэчы, інтэрнат не студэнцкі, а для дарослых, працаўнікоў прадпрыемства). Не дала ніякага станоўчага выніку і размова Багуслава Унгура з камендантам – Бянько Аленай Віктараўнай.
Па словах актывіста, ён таксама даведаўся ад каардынатара руху “Гавары праўду!” па Маскоўскім раёне Менска, што ў гэтым раёне зборшчыкаў подпісаў у інтэрнаты не пускалі нідзе.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”