viasna on patreon

Бялынічы: Ініцыятыўныя групы збіраюць подпісы, але пікетаў пакуль няма

2010 2010-10-07T09:52:20+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zbor-podpisau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці працягваецца збор подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пакуль найбольшую актыўнасць праяўляюць сябры ініцыятыўнай групы дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Аснову яго ініцыятыўнай групы ў Бялыніцкім раёне складаюць супрацоўнікі бюджэтнай сферы: работнікі адукацыі, культуры, аховы здароўя, а таксама прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемстваў. Кожны з членаў ініцыятыўнай групы атрымаўмаў заданне сабраць пэўную колькасць подпісаў (ад 50 да 100) у падтрымку Аляксандра Рыгоравіча.

Расказвае жыхарка аграгарадка Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна Ала Сяргееўна Усава:

- Вечарам да мяне завітала наш мясцовы фельчар Ала Грыгор’еўна. Яна паведаміла, што збірае подпісы за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты і прапанавала мне падпісацца. Хоць я не з’яўляюся прыхільніцай дзеючага кіраўніка краіны, але адмовіць ёй не змагла, бо мне за семдзесят, пастаянна даводзіцца звяртацца да фельчара за дапамогай. Але на наступны дзень я сама пайшла да сяброў ініцыятыўных груп Рыгора Кастусёва і Уладзіміра Някляева і паставіла свой подпіс за гэтых прэтэндэнтаў.

Пачаўся ў Бялыніцкім раёне таксама і збор подпісаў за дэмакратычных прэтэндэнтаў у кандыдаты. Акрамя вышэйназваных Рыгора Кастусёва і Уладзімера Някляева, на Бялыніччыне таксама збіраюць подпісы за Віталя Рымашэўскага і Андрэя Саннікава. Пакуль актыўнасць іх ініцыятыўных груп не вельмі вялікая, але людзі ў падтрымку прэтэндэнтаў пакрысе падпісваюцца.

Пікеты для збору подпісаў у падтрымку асобаў, якія прэтэндуюць на вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты, у Бялыніцкім раёне пакуль не ладзілась. Аднак прадстаўнікі ініцыятыўных груп Рыгора Кастусёва і Уладзіміра Някляева кажуць, што пікеты абавязкова будуць арганізаваныя бліжэйшым часам.

Кажа сябар ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва Галіна Літвінава:

- Мы абавязкова будзем ладзіць пікет па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты намесніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Рыгор Андрэевіч наш зямляк, многія старэйшыя жыхары Бялыніцкага раёна яго добра ведаюць. Больш за тое, мы б ужо і арганізавалі гэты пікет, але зараз многія мясцовыя сябры ініцыятыўнай групы хварэюць, таму пакуль не да пікетаў. Ды і Рыгор Кастусёў паабяцаў нам, што абавязкова прыедзе і прыме ўдзел у пікетаванні ў родным Бялыніцкім раёне. Думаю, на наступным тыдні пікет па збору подпісаў у падтрымку Рыгора Кастусёва ў Бялынічах абавязкова з’явіцца.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства