viasna on patreon

У Савеце ААН па правах чалавека прынялі фінальны дакумент па Беларусі

2010 2010-09-24T12:12:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Рэкамендацыі па адмене артыкулу 193-1, рэфармаванні выбарчага заканадаўства, паляпшэнню ўмоў дзейнасці няўрадавых арганізацый і СМІ, а таксама скасаванне смяротнага пакарання – беларуская дэлегацыя назвала непрымальнымі.

Фінальны дакумент па Беларусі ў рамках Універсальнага перыядычнага агляду зацверджаны 23 верасня на 15-й сесіі Савета ААН па правах чалавека. Аднак беларуская дэлегацыя не прыняла большасць прынцыповых рэкамендацый.

"Паступіў шэраг рэкамендацыі аб пераглядзе заканадаўства ў сферы СМІ, выбараў і асацыяцый. Нацыянальнае заканадаўства ў гэтай сферы цалкам адпавядае міжнародным абавязкам Беларусі... На гэтым этапе мы маем намер сканцэнтравацца на правапрымяняльнай практыцы... Неабгрунтаванай з'яўляецца прапанова аб пераглядзе заканадаўства ў сферы дзейнасці няўрадавых арганізацый", – заявіў старшыня Пастаяннай місіі Беларусі пры ААН Міхаіл Хвастоў.

Разам з тым, ён адзначыў, што нягледзячы на непрыманні гэтых рэкамендацый, яны застануцца "у полі зроку" беларускага ўрада.

Прадстаўнікі Ягіпта, Кубы, Алжыра, Узбекістана, Кітая былі задаволеныя справаздачай Беларусі і не сказалі ні слова крытыкі аб прагрэсе ў сферы палітычных і грамадзянскіх правоў.

Прадстаўнік Узбекістана Бадрыдзін Абідаў (Badriddin Obidov): "Выражаем падзяку дэлегацыі Беларусі за прадстаўленне вычарпальнай інфармацыі па вынесеных у адрас гэтай краіны рэкамендацый... У Беларусі ажыццяўляюцца пастаянныя захады па абароне правоў чалавека праз стварэнне прававых і інстытуцыянальных асноў і ўмоў для функцыянавання зацікаўленых бакоў".

Іншымі па змесце сталі выступленні няўрадавых арганізацый. Прадстаўніца "Сусветнага альянсу за грамадзянскі ўдзел" (CIVICUS) з жалем адзначыла, што пазіцыя беларускай дэлегацыі ў інтэрактыўным дыялогу мела збольшага фармальны і неканструктыўны характар.

CIVICUS: "З яшчэ большым жалем мы ўспрынялі той факт, што Беларусь адмовілася прыняць большасць рэкамендацый замежных урадаў па найбольш прынцыповых для нас пытаннях. Гэта адмена смяротнага пакарання альбо, прынамсі, увядзенне мараторыя, гарантаванне свабоды сходаў і асацыяцый, спрашчэнне працэдур рэгістрацыі для няўрадавых арганізацый і палітычных партый, адмена артыкулу 193-1 (скасаванне крымінальнай адказнасці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі)".

Прадстаўніца экалагічнай супольнасці Беларусі таксама выказала спадзяванне, што наш урад усё ж такі адменіць сумнавядомы артыкул.

"З-за гэтага артыкулу грамадзяне не могуць займацца свабодным экалагічным самакіраваннем, інфармацыйнай і іншымі відамі дзейнасці. Жыхары і ініцыятыўныя групы шмат якіх гарадоў Беларусі, такіх як Астравец, Вілейка, Маладзечна і Мінск, пазбаўленыя магчымасці публічна заявіць аб сваіх адносінах да экалагічных пытанняў, такіх як будаўніцтва АЭС"

Тэхнічна Беларусь прыняла 75 з 93 выказаных замежнымі ўрадамі рэкамендацый. Так, наша краіна паабяцала ратыфікаваць Канвенцыю аб правах інвалідаў, палепшыць умовы ўтрымання ў турмах і ізалятарах, забяспечыць усім затрыманым магчымасць доступу да адваката і наведвання іх сваякамі. Але большасць з прынятых рэкамендацый носіць шырокія і плыткія фармулёўкі кшталту "працягваць высілкі па адукацыі ў галіне правоў чалавека" і "далейшага развіцця дыялога паміж рэлігіямі".

Рэкамендацыі, якія тычацца найбольш прынцыповых сфераў, у якіх міжнародная супольнасць заклікае ўрад Беларусі зрабіць рэформы, засталіся не прынятымі.
 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства