Барысаў: Адміністрацыя гандлёвага дома хацела забараніць Някляеву збіраць подпісы
У Барысаў зачасцілі апазіцыйныя прэтэндэнты ў кандыдаты на прэзідэнцтва. 6 кастрычніка з барысаўчанамі сустракаўся Яраслаў Раманчук, на наступны дзень - Уладзімір Някляеў.
Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Ўладзімір Някляеў прыехаў у Барысаў каля апоўдня і амаль гадзіну правёў на пікеце па зборы подпісаў у сваю падтрымку побач з універмагам "Веста". На гэты раз адміністрацыя крамы па тэхнічных прычынах не зачыняла і збору подпісаў ніяк не перашкаджала.
Чаго не скажаш пра адміністрацыю іншай буйной крамы, дзе размяшчаўся пікет і куды накіраваўся Ўладзімір Някляеў потым. Прадстаўнікі адміністрацыі Дома гандлю пачалі даказваць, што ставіць пікет побач з іх гандлёвым аб'ектам забараняецца. Аднак, калі пікетчыкі збіраліся ўжо патэлефанаваць у ЦВК, пільныя супрацоўнікі гандлю адразу ж сышлі.
Усяго за дзве гадзіны пікетавання зборшчыкам не без дапамогі прысутнасці Ўладзіміра Някляева ўдалося сабраць каля сотні подпісаў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"