“Віцьбічы” піша пра збор подпісаў за вылучэнне А.Лукашэнкі, прозвішчы іншых прэтэндэнтаў не называюцца
У артыкуле “Возле пикета оживленно” ( «Віцьбічы» ад 7.10.2010), надрукаваным у віцебскай гарадской газеце, апісана паспяховая праца збіральнікаў подпісаў за дзеючага прэзідэнта. Прозвішчы іншых прэтэндэнтаў, за якіх збіраюць подпісы на суседніх пікетах, падкрэслена не названы.
У артыкуле падаецца дакладнае месца размяшчэння пікета за вылучэнне А.Лукашэнкі -- “на скрыжаванні вуліцы Леніна і праспекта Фрунзе, побач з білетнымі касамі”. І падрабязнае апісанне: шыльда з надпісам “Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у Прэзідэнты Р.Б. Лукашэнка Аляксандра Рыгоравіча” і пісьмовы стол, на якім ляжаць Канстытуцыя і Выбарчы кодэкс.
У тэксце зазначаецца, што збор подпісаў ідзе актыўна: “Удзень 6-га кастрычніка вакол пікету было людна. Збіральнікі подпісаў раз за разам уносілі ў падпісныя аркушы прозвішчы тых, хто выказаў жаданне падтрымаць кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі на будучых выбарах”.
Аднак журналіст Віталь Сянькоў -- уважлівы назіральнік і аўтар дэтальнага апісання пікету ў падтрымку дзеючага прэзідэнта – не палічыў патрэбным згадаць, што выбарчая кампанія не абмяжоўваецца працай у падтрымку А.Лукашэнкі. Напісаўшы, што “актыўнасць грамадзян каля пікетаў ініцыятыўных груп іншых двух прэтэдэнтаў была яўна невысокай”, супрацоўнік дзяржаўнай газеты палічыў за лепшае не называць канкрэтных іменаў і прозвішчаў – верагодна, каб не прапагандаваць дзейнасць “ідэйных праціўнікаў”.
Між тым, па абодва бакі ад апісанага В.Сяньковым пікета ўжо не першы дзень праходзіць збор подпісаў за Андрэя Саннікава і Віталя Рымашэўскага. І кожны, хто праходзіць каля збіральнікаў подпісаў, можа на ўласныя вочы ўбачыць і ацаніць, вакол якога пікета больш народу.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”