Салігорск: Міліцыя шукае распаўсюднікаў улётак
29 верасня, у апошні дзень рэгістрацыі Цэнтральнай камісіяй ініцыятыўных групаў і напярэдадні старту этапу па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, жыхары Салігорску пачалі масава знаходзіць у сваіх паштовых скрынях інфармацыйныя ўлёткі з выявай Уладзіміра Няклявева. Акрамя фотаздымка на лістоўках былі змешчаны біяграфічныя дадзеныя, а таксама "Зварот да беларускага народу", дзе У.Някляеў тлумачыў сваё жаданне ўдзельнічаць у выбарах. Праз некалькі дзён кватэры дамоў, у якіх з'явіліся ўлёткі, пачалі наведваць супрацоўнікі міліцыі, якіх цікавіла інфармацыя аб тым, хто і калі распаўсюджваў гэту друкаваную прадукцыю. Аднак да сябраў ініцыятыўнай групы У.Някляева ў Салігорску па тлумачэнне сітуацыі ні з аддзелу міліцыі, ні з Салігорскай раённай камісіі па выбарах ніхто не звяртаўся.
Мясцовыя прыхільнікі патэнцыйнага кандыдата не хаваюць сваёй датычнасці да распаўсюджвання інфармацыйных матэрыялаў пра іх лідэра, аднак сцвярджаюць, што гэта адбывалася яшчэ да рэгістрацыі ініцыятыўных групаў і пачатку этапу збору подпісаў. Да таго ж, на іх думку, аніякай агітацыі і заклікаў тыя матэрыялы не ўтрымлівалі.
- Не выключаем, што нейкая частка прадукцыі магла быць укінута недабразычліўцамі ці нават самімі ўладамі ўжо падчас збору подпісаў з мэтай правакацыі. На датычнасць апошніх сведчыць той факт, што грамадзян апытвалі супрацоўнікі міліцыі. Верагодна, улады шукаюць зачэпкі, каб у выпадку неабходнасці можна было б адмовіць нашаму вылучэнцу ў рэгістрацыі альбо скасаваць яе пасля, - пракаментавалі сітуацыю ў мясцовым штабе У.Някляева.
Варта адзначыць, што на дадзены момант аніякіх скаргаў з боку грамадзян на дзейнасць ініцыятыўных групаў у Салігорскую раённую камісію па выбарах не паступала.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”