Ставіць пікеты ў Оршы можна ў любым месцы
Аршанскі гарвыканкам зняў усе забароны на правядзенне пікетаў для збору подпісаў за кандыдатаў у Прэзідэнты.
У мясцовай прэсе апублікавана рашэнне Аршанскага гарвыканкаму № 1454 ад 6.10.2010 аб адмене рашэння № 1371 ад 23.09.2010 г. «Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь». Як патлумачыла член гарадской выбарчай камісіі Наталля Шэндалесава, зараз збіраць подпісы можна ў абсалютна любым месцы на тэрыторыі горада, у тым ліку на вакзалах, у грамадскім транспарце, у культавых будынках і збудаваннях, у органах улады і кіравання.
Нагадаем, што з моманту прыняцця рашэння аб вызначэнні спісу месцаў, дзе нельга праводзіць пікеты, яно ўжо адзін раз было зменена, і, нарэшце, наогул адменена. Такім чынам, за 2 тыдні гэта ўжо трэцяе змяненне правілаў кампаніі. Двума днямі раней было прынята рашэнне перамясціць гарадскую выбарчую камісію з будынка выканкаму ў іншае памяшканне, аб чым ужо паведамлялі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Такой нервовасці, чахарды з адменамі і змяненнямі рашэнняў ніколі ў ранейшыя выбарчыя кампаніі не адзначалася.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"