viasna on patreon

У Беларусі пачынаюць ужываць алкаголь усё ў больш маладым узросце

2010 2010-10-29T13:47:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пра гэта паведаміў загадчык аддзела наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Андрэй Капытоў 29 кастрычніка ў Мінску на рэспубліканскім семінары «Актуальныя праблемы залежных паводзін».

Паводле яго слоў, калі яшчэ некалькі гадоў таму ўжываць спіртное пачыналі пасля 15 гадоў, зараз жа ў клініках усё часцей сустракаюцца трынаццацігадовыя падлеткі, у якіх алкагольныя псіхозы і алкагольныя эпілептычныя прыступы.

«Гэта не ўкладваецца ў галаве ў спецыялістаў, якія доўга працуюць у псіхіятрыі. Аб такіх выпадках не гаворыцца ні ў адным класічным падручніку», — адзначыў лекар. У 50% выпадкаў маладыя людзі, якія ўжываюць алкаголь, упершыню паспыталі яго ў сваёй сям’і, сказаў Капытоў. Разам з тым аналіз наркалагічнай службы сведчыць, што калі падлетак пачынае выпіваць у кампаніі малазнаёмых людзей, працэс алкагалізацыі ідзе хутчэй, і «маладыя людзі хутчэй співаюцца».

Паводле звестак наркалагічнай службы, больш высокая рызыка трапіць у алкагольную залежнасць у моладзі з нізкім узроўнем адукацыі, а таксама ў тых, хто выхоўваецца ў сем’ях, дзе або абыякава ставяцца да дзяцей, або, наадварот, занадта іх апякуюць.

Капытоў таксама адзначыў, што на першым месцы сярод матываў ужывання алкаголю ў маладых людзей знаходзіцца асобасная матывацыя. Падштурхнуць да ўжывання алкаголю можа трывога, дэпрэсія.

«Чалавеку дрэнна, вось ён і вымушаны ўжываць», — сказаў лекар.

Як правіла, той, хто сістэматычна ўжывае алкагольныя напоі да 18 гадоў, становіцца ў будучыні алкаголікам. Існуе прамая сувязь, адзначыў Капытоў, паміж раннім ужываннем алкаголю і хуткасцю фарміравання залежнасці ад яго.

Падлеткі, якія ўжываюць алкаголь, набываюць розныя саматычныя захворванні. Акрамя таго, адзначыў Капытоў, у 67% такіх падлеткаў — слабая палавая канстытуцыя. Падлеткі, якія п’юць, выказваюць невялікі ў параўнанні са сваімі аднагодкамі інтарэс да процілеглага полу, маюць сексуальныя расстройствы. Пры гэтым названыя праблемы карэлююць з актыўнасцю ўжывання алкаголю, заявіў спецыяліст.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства