Брэст: Пікетам у падтрымку Някляева не перашкодзіла нават завея
Увесь дзень 29 лістапада ў Брэсце ішоў снег, прычым выпадзенне ападкаў суправаджалася моцным ветрам і завеяй. Гэта выклікала ў горадзе сапраўдны транспартны калапс, з-за чаго ўтварыліся шматлікія заторы і быў сарваны рух маршрутных аўтобусаў і тралейбусаў. Тым не менш, прыхільнікі Ўладзіміра Някляева вырашылі не спыняць з-за такіх неспрыяльных пагодных умоў сваю агітацыйную кампанію: як і ў папярэднія дні, пікетаванне было арганізавана на пешаходнай вуліцы Савецкай поруч кінатэатра "Беларусь". Агітацыя суправаджалася аўдыёзапісам выступу Някляева, які прагучаў па радыё, а таксама песнямі на вершы гэтага кандыдата ў прэзідэнты.
У бліжэйшыя дні колькасць пікетаў у падтрымку Някляева плануецца павялічыць, прычым актывісты рэгіянальнага штаба лідэра кампаніі "Гавары праўду" апавясцілі Брэсцкі гарвыканкам аб правядзенні падобных акцый у дзесяці ажыўленых месцах у горадзе.
Што датычыць іншых кандыдатаў, то ў Брэсце пікеты ў іх падтрымку пакуль не праводзяцца. Выключэннем стала разавая акцыя прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў мінулыя выходныя каля Цэнтральнага ўнівермага, прычым гэтая падзея адразу ж патрапіла ў поле зроку здымачнай групы тэлерадыёкампаніі "Брэст", якая аператыўна зняла сюжэт.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"