Гомель: Плануецца агітацыя супраць Лукашэнкі
Гомельскія апазіцыянеры маюць намер правесці шэраг сходаў выбаршчыкаў з мэтай агітацыі супраць кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, а таксама абмеркавання яго палітычных, дзелавых і асабістых якасцяў. Такая анты-агітацыя дазволена Выбарчым кодэксам, яе працэдура прапісана ў метадычным дапаможніку «арганізацыйна-прававыя асновы працы тэрытарыяльных камісій», выдадзеным ЦВК.
Аднак дадзеная норма артыкула 45 Выбарчага кодэкса вельмі рэдка выкарыстоўваецца. Прынамсі, у 2008 годзе гомельскія дэмакраты ў час парламенцкіх выбараў падавалі заяўку на правядзення сходу з мэтай агітацыі супраць кандыдатаў ад улады, але ім было забаронена гэта рабіць. Пасля скаргі ад старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай быў дадзены адказ, што дадзеная працэдура не распісана ў Выбарчым кодэксе і метадычных рэкамендацыях, таму адмова на правядзенне сходу была слушнай.
«Зараз і норма ў кодэксе ёсць, і працэдура прапісана, таму мы маем намер рэалізаваць дадзеную норму, аб чым і напісалі ў паведамленнях у тэрытарыяльныя камісіі Савецкага і Цэнтральнага раёнаў Гомеля. Сходы мы маем намер правесці 10 і 12 снежня. Дарэчы, раённыя камісіі абавязаны праінфармаваць выбаршчыкаў праз СМІ ці іншым чынам аб тым, што адбудзецца такі сход. Але па паводзінах сяброў камісіі Савецкага раёна, куды мы падалі паведамленне, было відаць, што рабіць гэтага яны не збіраюцца. Мы паспрабуем самастойна праінфармаваць грамадзян пра сход, які мае адбыцца», - пракаментаваў Уладзімір Кацора (на фота).
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”