Затрыманыя Дашкевіч, Палажанка, Яроменак і Дземідзенка
Вечарам 9 снежня непадалёк ад Галоўпаштамта міліцыянты спынілі аўтамабіль, у якім ехалі маладафронтаўцы Зміцер Дашкевіч, Наста Палажанка, Уладзімір Яроменак і Мікола Дземідзенка.
Паводле супрацоўнікаў праваахоўных органаў, машына, на якой перамяшчаліся маладафронтаўцы, была скрадзеная.
Пасля кароткага разбіральніцтва маладафронтаўцаў павезлі ў Кастрычніцкі РУУС.
«Зараз мы знаходзімся ў Кастрычніцкім РУУС.
Нам толькі сказалі, што наш аўтамабіль знаходзіцца ў вышуку, а мы падазраемся ва ўгоне. Зараз міліцыянты афармляюць дакументы.
Больш нічога нам не тлумачылі», — паведаміў ў размове з карэспандэнтам «НН» Зміцер Дашкевіч.
Паводле паплечнікаў маладафронтаўцаў, аўтамабіль, праз які іх затрымалі, належыць бацьку Насты.
У 21.00 Зміцер Дашкевіч паведаміў "НН", што збег з РУУС, не дачакаўшыся вынікаў праверкі дакументаў. Рэшта маладафронтаўцаў усё яшчэ знаходзяцца там.
22.20 МАладафронтаўцаў адпускаюць, узяўшы тлумачэнні аб аўтамабілі.
***
Нагадаем таксама, што Змітра Дашкевіча ўчора ўжо затрымлівалі па падазрэнні ў падробцы правоў на кіраванне аўтамабілем. Аднак пасля праверкі дакументаў адпусцілі.