Барысаў. Назіраць кругласутачна не дазваляюць, новых назіральнікаў рэгістраваць адмаўляюцца
На барысаўскіх участках для галасавання назіральнікам ад апазіцыйных структур масава адмаўляюць у кругласутачным назіранні. А на адным нават адмаўляюцца рэгістраваць новых назіральнікаў.
Пра гэта распавёў каардынатар па Мінскай вобласці кампаніі "За справядлівыя выбары 2010" Мікалай Пахабаў (на фота). "На дзевяці ўчастках, дзе назіраюць прадстаўнікі апазіцыйных структур, імі яшчэ раніцай былі напісаны заявы ва ўчастковыя камісіі з нагоды кругласутачнага назірання за захаванасцю ўрнаў для галасавання. Увечары ў просьбе было адмоўлена на ўсіх участках".
Самога ж Мікалая Пахабава на выбарчым участку №12 адмовіліся зарэгістраваць у якасці назіральніка ад прафсаюзу РЭП. "Сябра ўчастковай камісіі матывавала гэта тым, што выбары ўжо пачаліся, а значыць, рэгістраваць назіральнікаў больш не стануць. Я прапанаваў паглядзець Выбарчы кодэкс. Але яго на ўчастку не аказалася. Сваю працу камісія будуе толькі ў адпаведнасці з метадычнымі ўказаннямі ЦВК. Будзем разбірацца з гэтым парушэннем".
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"