Давераная асоба Лукашэнкі праводзіць шматлікія сустрэчы ў працоўны час
Дзяржаўныя газеты, што выдаюцца ў раёнах, якія на мінулым тыдні наведаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, апублікавалі падрабязныя справаздачы аб праведзеных сустрэчах на прадпрыемствах і ўстановах. Усе сустрэчы праходзілі ў працоўны час, пры гэтым не замоўчвалася, што візіт кіраўніка вобласці звязаны з надыходзячымі выбарамі, а сам Сумар прадстаўлены як давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.
У прыватнасці, іванаўская раёнка “Чырвоная звязда” у сваёй публікацыі «Давайте вместе укреплять нацию»прыводзіць наступныя словы старшыні аблвыканкама: «Гарантом процветания Беларуси и отдельно взятого Ивановского района может быть только один человек, проверенный, автор бесспорных теперешних наших успехов, человек, с которым можно (нет, нужно!) работать в следующей пятилетке».
У тым жа рэчышчы «Кобрынскі веснік» напісаў справаздачу аб наведванні Канстанцінам Сумарам некаторых прадпрыемстваў гэтага раёна. У журналісцкім матэрыяле, азагалоўленым «Наступная пяцігодка - час выканання павышаных абавязацельстваў», робіцца выснова, што развіццё краіны магчыма толькі пры захаванні дзейнай улады.
Назіральнікі адзначаюць, што ў гэтыя дні кіраўнікі абласнога і раённага ўзроўню на Брэстчыне сталі ў масавым парадку праводзіць «прамыя лініі», прыёмы грамадзян і сустрэчы з працоўнымі калектывамі. Прычым тэма выбараў на такіх мерапрыемствах, як правіла, становіцца асноўнай.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"