Мінск: У назіральнікаў і сябраў камісіі розная колькасць датэрмінова прагаласаваўшых
На выбарчым участку № 53 г. Мінска, у тэрытарыяльнае падначаленне якога ўваходзяць чатыры інтэрнаты педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка, у першы дзень датэрміновага галасавання выканалі свой грамадзянскі абавязак 570 студэнтаў, хоць, па падліках камісіі, такіх было 630 чалавек.
- Я не разумею, навошта павялічваць колькасць на такую невялікую лічбу, тым больш што я быў практычна побач і мог весці дэталёвы падлік, - здзіўляецца Павел Дабравольскі, назіральнік за выбарамі. - Звычайных грамадзян на ўчастак прыйшло літаральна тры чалавекі. На ноч на ўчастку застаўся адзін міліцыянт, а скрыня з бюлетэнямі апламбавана так, што нават шасцігадовае дзіця пры жаданні з лёгкасцю здыме і ўсталюе назад такую пломбу.
Студэнты, якія прыйшлі на ўчастак адзначалі, што прымусова іх сюды ўвогуле ніхто і не цягнуў, проста за датэрміновае галасаванне даюцца выходныя да панядзелка.
Старшыня выбарчай камісіі Васіль Стадольнік паведаміў, што на ўчастку засталіся незапоўненымі каля 1 500 бюлетэняў, аднак назваць дакладную лічбу выбаршчыкаў на ўчастку адмовіўся.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"