Давераныя асобы Лукашэнкі не зважаюць на заканадаўства
Генеральны дырэктар «Гомсельмашу» Валерый Жмайлік і старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон па чарзе наведалі Рагачоў у якасці давераных асоб кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Яны праводзілі сустрэчы ў працоўных калектывах у працоўны час.
Пра гэтыя візіты паведаміла мясцовая газета «Свабоднае слова».
14 снежня ў выданні была інфармацыя пра прыезд у Рагачоў старшыні аблвыканкама Аляксандра Якабсона (на здымку). Ён правёў прыём у грамадскай прыёмнай, а затым у гарадскім цэнтры культуры сустрэўся з навучэнцамі, выкладчыкамі і працоўнай моладдзю. Якабсон паведаміў пра «найбольш значныя дасягненні Гомельшчыны за апошнія 5 гадоў», а затым адказаў на пытанні. Давераная асоба А.Лукашэнкі заклікала жыхароў раёна выканаць грамадзянскі абавязак - прагаласаваць на выбарах, і. «ўважліва прааналізаваўшы перадвыбарныя праграмы, выбраць самага дастойнага з прапанаванага спісу кандыдатаў».
За некалькі дзён да гэтага на ААТ «Рагачоўскі МКК» адбылася сустрэча працаўнікоў гэтага прадпрыемства і яшчэ некалькіх - хлебзаводу, межрайгазу, аблаўтратрансу - з яшчэ адной даверанай асобай Лукашэнкі гендырэктарам «Гомсельмашу» Валерыем Жмайлікам. Ён паведаміў жыхарам Рагачова, што ўжо ў трэці раз з'яўляецца даверанай асобай кандыдата Лукашэнкі, і падкрэсліў, што «пад кіраўніцтвам дзеючага прэзідэнта наша краіна дасягнула такога ўзроўню, аб якім многія дзяржавы толькі мараць». Жмайлік таксама заклікаў рагачоўцаў прагаласаваць за Лукашэнку. Варта заўважыць, што на гэтай сустрэчы прысутнічалі старшыня Рагачоўскага райвыканкама, яго намеснік, намеснік раённай выбарчай камісіі, генеральны дырэктар «Рагачоўскага МКК» і мясцовы ідэолаг. Такім чынам, выкарыстанне службовага становішча і працоўнага часу - факт. Толькі ці адкажуць за парушэнне заканадаўства такія высокія асобы?
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”