Дзень першы датэрміновага галасавання: 9,1% прымусу ў фактах
Адно з пытанняў у форме, якую павінны запаўняць назіральнікі на ўчастку, датычылася прыкмет прымусовага галасавання (просьбы выбаршчкаў да УВК аб выдачы даведак ці адзначэннні факту ўдзелу ў выбарах, арганізаваны прывод ці прывоз выбаршчыкаў на ўчастак і г.д.). 9,1 % назіральнікаў кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары” адказалі, што былі сведкамі прыкмет прымусовага галасавання.
Прыводзім некалькі дакладных фактаў.
Мінская вобласць, Барысаў, участак для галасавання № 7
3 чалавекі, якія прыйшлі галасаваць на ўчастак, папрасілі даведкі пра тое, што яны прагаласавалі датэрмінова. Гэта былі супрацоўнікі БАТЭ.
Гарадзенская вобласць, Мастоўскі р-н, п.Лунна, участак для галасавання № 19
Функцыянер з Выпраўленчай установы адкрытага тыпу прывёў на ўчастак 12 асуджаных , прысутнічаў на ўчастку, выдаючы пашпарты (11.00 гадзін).
Мінск, Партызанскі р-н, участак для галасавання № 6
Са словаў выбаршчыкаў, камендант інтэрнатаў, дзе пражываюць работнікі камбіната хлебапрадуктаў па вул Слясарнай, д.д. 44-46, сустракаў на ўваходзе людзей, якія вярталіся з працы і накіроўваў на выбарчы участак. Пагражаў высяленнем.
Магілёўская вобл, Чэрыкаўскі р-н, участак для галасавання №8 Верамейскі
Па рэкамедацыі прафкама свінакомплекса "Светлый" рабочых комплекска (каля 30 чалавек) даставілі аўтобусам да ўчастка для галасавання ў канцы працоўнага дня.
Мінск, Фрунзенскі р-н, участак для галасавання №106
Са словаў выбаршчкаў-вайскоўцаў, іх накіравала галасаваць датэрмінова камандаванне (імёнаў не назвалі), але прыходзілі яны па аднаму. Большасць - жыхары домоў 99 (к.5), 67, 87 (к.2) па вул.Лынькова (Ваенны гарадок).
Мінск, Маскоўскі р-н, участак для галасавання № 41
Намеснік дэкана інстытута журналістыкі БДУ (не з'яўляецца ні сябрам камісіі, ні назіральнікам) Ганна Курэйчык знаходзілася на ўчастку падчас апячатвання скрыні і прыходу першых выбаршчыкаў. Намеснік дэкана гуманітарнага факультэта БДУ выклікаў студэнта-назіральніка і спрабаваў высветліць, хто дакладна ўжо прагаласаваў.
Мінск, Фрунзенскі р-н, участак для галасавання №85
Студэнтаў педкаледжу прыводзілі групамі пад наглядам выкладчыка.
Мінск, Маскоўскі р-н, участак для галасавання № 7
Навучэнцы Мінскага дзяржаўнага каледжу швейнай вытворчасці прыходзілі групамі па 4-5 чалавек. Разам з апошняй групай прышла "адказная" з мэтай "удакладнення недарэчнасці" ў спісе (адна з навучэнак была пазначана ў спісе як 1989 года нараджэння, а на самой справе -1993) і пракантралявала ці прагаласава група.
Мінск, Фрунзенскі р-н, участак для галасавання № 71
27 вайскоўцаў у суправаджэнні камандзіра прыйшлі на ўчастак і прагаласавалі.
Магілёў, участак для галасавання № 17
Навучэнцы Магілёўскага каледжу міліцыі - каля 50 чалавек - прагаласавалі напрацягу 30 хвілін.
Магілёў, участак для галасавання № 42
Выхавацелька інтэрнату МДУ імя А.Куляшова (вул. Ленінская, 39) атрымала ў сяброў камісіі дадзеныя, хто прыняў удзел у датэрміновым галасаванні (праглядала спісы выбаршчыкаў) -- яе цікавілі студэнты, што жывуць у інтэрнаце.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”