Бабруйск: Супрацоўнікі міліцыі ўначы не пакідаюць участкаў
Назіральнікі, якія пачалі сваю працу, зафіксавалі некалькі парушэнняў у першыя дні датэрміновага галасавання.
- Я прыйшоў на ўчастак, і першае, што кінулася ў вочы, гэта супрацоўнік міліцыі, які знаходзіўся ў памяшканні, - распавядае назіральнік Алесь Сушчэўскі. – Ён сядзіць там за сталом і чытае кніжку, яго знаходжанне на ўчастку для галасавання не прадугледжана. Другі момант – у адну кабінку для галасавання зайшлі дзве бабулькі, і ніхто з сябраў камісіі нават вухам не павёў.
Яшчэ больш красамоўныя выпадкі адбыліся ў гімназіі № 2, у якой знаходзяцца выбарчыя ўчасткі № 3 і 4. Назіральнік Яўген Васьковіч распавёў аб тым, што супрацоўнікі міліцыі засталіся начаваць на ўчастку пасля яго закрыцця.
- Спачатку быццам было ўсё добра, скончыўся першы дзень галасавання, участак зачыняўся, - распавядае Яўген. - І тут пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі, некалькі чалавек, увайшлі ў тое памяшканне, дзе знаходзілася скрыня для бюлютэняў, і ўжо не выходзілі адтуль. Я пацікавіўся у дырэктара гімназіі Таццяны Казловай, што гэта азначае, але яна адказала, што гэта не мая справа. Мяне ўвогуле здзівілі паводзіны дырэктара, - яна нават не з’яўляецца сябрам камісіі, але ходзіць па ўчастках, раздае загады. Сёння мне распавялі, што яна аддала загад спалучыць яе тэлефон і тэлефон камісій у адну лінію, каб яна магла яго слухаць.
Таксама Яўген Васьковіч распавёў, што на кожным з гэтых двух участкаў прагаласавала адна і тая ж жанчына – учора і сёння.
- Гэта адбылося быццам бы па памылцы, але старшынікамісій не прынялі ніякіх мер, каб яе выправіць, - працягвае распавядаць назіральнік. – Учора жанчына прагаласавала на ўчастку №3, хаця яе не было ў спісах. А потым у размове з мужам высветліла, што знаходзіцца ў спісе ўчастка №4, і сёння аддала голас і там таксама. Калі я звярнуўся за тлумачэннямі да старшыні камісіі ўчастка №3 Яўгена Гаўмана, ён мне паведаміў, што ніякіх парушэнняў няма. Быццам бы чалавек можа галасаваць і не па спісу, а на любым участку, бо задача камісіі – даць чалавеку магчымасць скарыстацца сваім правам паўдзельнічаць у выбарах. І тое, што жанчына “паўдзельнічала ў выбарах” два разы, яго не засмуціла.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”